У Гомельскім раёне 22 студзеня прайшла акцыя памяці Міхала Жызнеўскага — беларуса, які загінуў два гады таму на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

На магіле Жызнеўскага ў вёсцы Сцяг Працы Гомельскага раёна сабраліся яго сваякі, грамадскія актывісты, прадстаўнікі апазіцыі і творчай інтэлігенцыі з Гомеля і Мінска. Яны ўсклалі да помніка кветкі і вянкі, запалілі свечкі. З Мінска ушанаваць памяць Жызнеўскага прыехалі каля 50 чалавек.

Дакументаліст і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык адзначыла, што Міхал Жызнеўскі, які загінуў ва ўзросце 26 гадоў, як нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, аддаў сваё жыццё за свабоду іншых людзей, за свабоду Украіны. Паводле яе, дзякуючы подзвігу Міхаіла іншыя людзі ўбачылі, як трэба змагацца, ахвяраваць у імя свабоды іншых, у імя хрысціянскай ідэі вызвалення ад рабства чалавечага духу.

Старшыня абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі у сваю чаргу адзначыў: прысутныя ганарацца тым, што ў Беларусі ёсць такія мужныя адухоўленыя людзі, як Міхаіл, якія ахвяруюць сваім жыццём для шчасця і свабоды іншых. «Я буду неўзабаве ў Кіеве, перадам падзяку украінскім сябрам, пісьменнікам за тое, што яны шануюць памяць нашага Міхаіла. Як пісаў Каліноўскі, не будзе шчасця, пакуль маскаль будзе над намі. Дай Бог, каб украінцы, ды і мы, вызваліліся з гэтых путаў драпежнага суседа», — дадаў пісьменнік.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?