26 студзеня ў Маскве пройдзе міжнародная канферэнцыя «БелаРускі дыялог». Мадэратарам у кожнай секцыі выступіць палітолаг Андрэй Суздальцаў. Сустрэча будзе праходзіць на базе Вышэйшай школы эканомікі, дзе Суздальцаў з’яўляецца намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі.

«У рамках мерапрыемства будзе праведзены сітуацыйны аналіз, заслуханы даклады вядомых эканамістаў аб сітуацыі ў беларускай эканоміцы і перспектывах эканамічных рэформаў у рэспубліцы», — гаворыцца на сайце ВШЭ.

Звяртае на сябе ўвагу спіс удзельнікаў, у Маскву запрошана нямала беларускіх апазіцыйных палітыкаў: лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, старшыня «Нашага дома» Вольга Карач, кіраўнік «Справядлівага свету» Сяргей Калякін, прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Прыедзе і экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук. Звяртае ўвагу, што на сустрэчы не будзе ні Статкевіча, ні Севярынца, ні Лябедзькі, ні Някляева, ні Янукевіча.

Сярод астатніх гасцей канферэнцыі варта адзначыць беларусіста з МГУ імя Ламаносава, аўтара паклёпніцкіх артыкулаў на тэму Беларусі ў расійскіх медыя Багдана Бяспальку, а таксама кіраўніка чарнасоценскага сайта imperiya.by, супрацоўніка Інстытута краін СНД Юрыя Баранчыка. Нарэшце, прыедзе беларускі ідэолаг, адзін з аўтараў сайта «Западнарус» Леў Крыштаповіч.

Андрэй Суздальцаў доўгі час жыў у Беларусі, аднак у 2006 годзе быў дэпартаваны з нашай краіны «ў сувязі з тым, што ўяўляе сабой пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?