Ужо сёння а 22:00 на тэлеканале «Беларусь-1» і «Беларусь-24» пачнецца трансляцыя з фіналу беларускага адбору на Еўрабачанне. Кожны беларус падчас конурсу зможа прагаласаваць, даслаўшы парадкавы нумар удзельніка праз СМС на нумар 2883 або патэлефанаваўшы на нумар 8-810-101-05 + нумар удзельніка. Як заявілі арганізатары, упершыню менавіта гледачы вырашаць, хто ж паедзе на Еўрабачанне-2016 ад Беларусі. Праўда, у мінулым выяўлялася, што на БТ галасы насамрэч не лічаць, а пішуць патрэбныя камусьці лічбы.

Такім, чынам…

1. Аляксей Грос – «Flame» («Полымя»)

Аляксей нарадзіўся ў 1989 годзе ў горадзе Салігорску. Скончыў музычную школу ў класе ўдарных. Нейкі час выступаў у складзе Салігорскага духавога аркестра. У пэўны момант Аляксея заўважылі і прапанавалі вучобу ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

У 2012 годзе Аляксей прайшоў кастынг у прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», які дагэтуль дапамагае яму ў развіцці сольнай кар’еры.

У 2013 годзе Аляксей ужо спрабаваў перамагчы на фінале беларускага адбору, але тады яму не ўдалося. На яго рахунку 8 песень. На конкурсе ён прэзентуе новы трэк пад назвай «Flame», што ў перакладзе азначае «Полымя».

2. Аляксандра Захарык – «Glory Night» («Ноч ззяння»)

Аляксандра Захарык нарадзілася ў Мінску 8 студзеня 1989 г. З шасці гадоў захапляецца музыкай. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. У 12 гадоў пачала прафесійна займацца вакалам. Сваю першую песню напісала ў 14 гадоў.

У 2009 брала ўдзел у фінале песеннага конкурсу «ЕўраФэст» у складзе групы «Вецер у галаве».

Да сваёй песні Аляксандра сама напісала музыку. Трэк называецца Glory Night («Ноч ззяння»).

3. Валерыя Садоўская – «Not alone» («Не адна»)

18-гадовая Валерыя нарадзілася ў Навагрудку. Скончыла музычную школу ў класе піяніна. У 16 гадоў удзельнічала ў ТБ-конкурсе «Спеўныя гарады», выйшла ў фінал тэлешоу «Голас Украіны». У 2014 годзе стала пераможцай беларускага тэлешоу «Акадэмія талентаў».

Музыку для сваёй песні «Not Alone (Не адна)» напісала сама.

4. Гурт «Радыёхваля» — «Не дурэй»

Pop-rock, soul і funk гурт. Так яны самі сябе характарызуюць. Гурт быў створаны толькі ў лістападзе 2015-га. Удзельніка гурту раней выступалі як кавер-бэнд. У сацыяльных сетках людзі падкрэсліваюць падобнасць з украінскім спеваком Іванам Дорнам.

Са сваёй адной з нешматлікіх песень гурт і выступіць на адборы Еўрабачання.

5. The EM – «Turn Around» («Азірніся»)

Яшчэ адзін гурт, які быў створаны спецыяльна для Еўрабачання. Яго ўдзельнікі — Міхаіл і Ягор. У інтэрв’ю гурт распавёў, што яны пазнаёміліся на праекце «Ікона сцэны». Тады прадзюсар Максім Алейнікаў шукаў зорку, якая б змагла выступіць на Еўрабачанні. І замест пераможцы конкурсу, ён абраў менавіта іх. Ягор заняў на праекце другое месца, а Міхал – трэцяе. Па задумцы прадзюсара, ён хацеў зрабіць з іх беларускую версію расійскага гурту «Срэбра».

Міхась цяпер вучыцца ў каледжы мастацтваў, Ягор — у БДУКМ.

Прадюсар вырашыў абраць для Еўрабачання старую песню, якую ён напісаў у 16 гадоў.

6. Гурт «NAVI» — «Гэтая зямля» («This land»)

Гурт NAVI — дуэт Арцёма Лук’яненкі і Ксені Жук. Слухачы ўспрымаюць іх як нешта светлае, прыгожае і мілагучнае.

Арцём працуе на радыё, Ксенія выкладае вакал. Разам яны пішуць песні на беларускай і расейскай мовах.

Іх песня на Еўраадборы адзіная па-беларуску. Фанаты з гуртам нават запусцілі акцыю падтрымкі «Я за беларускую мову на Еўрабачанні-2016». Іх песня «Гэта Зямля» мае натхняльны характар, падкрэслівае як шмат усяго прыгожага на зямлі.

7. Аляксандр Іваноў (Ivan) — «Help you fly» («Дапамагу табе лётаць»)

Аляксандр нарадзіўся ў Гомелі. Праславіўся сваёй творчасцю ў Расіі на тэлешоу «Галоўная сцэна». Тады ж ён пазнаёміўся з расійскім прадзюсарам Віктарам Дробышам, які дапамог яму развівацца.

Летась каманда Дробыша прапанавала Івану паўдзельнічаць у Еўрабачанні. Віктар Дробыш напісаў для яго песню «Help you fly». Сам Аляксандр лічыць песню не проста трэкам, а баладай. У гэтым ён бачыць нараджэнне яго новага вобразу.

8. Настасся Малашкевіч — «Pray for love» («Маліся за каханне»)

Настасся — дзеўка настырная. Мала каму вядома, што яна трэці раз запар трапляе ў фінал беларускага адбору на Еўрабачанне. Летась у беларускім фінале яна заняла другое месца.

Раней Анастасія спявала ў кавер-бэндзе «Кураж», выкладала вакал у такіх гуртоў як «Цягні-Штурхай». Прыхільнікі яе творчасці адзначаюць высокі ўзровень вакальнага майстэрства.

Музыку для сваёй песні на Еўрабачанні яна напісала сама.

9. Кірыл Ермакоў — «Бягу да сонца» («Running to the sun»)

Кірыл — удзельнік конкурсу «Акадэмія талентаў» на АНТ, расійскага музычнага конкурсу «Голас» і міжнароднага конурсу Disney — «Мой Camp Rock». У дзяцінстве спявак тройчы спрабаваў скарыць беларускі адбор на дзіцячае Еўрабачэнне, але яму так і не ўдалося.

У 2014 годзе ён быў на бэк-вакале ў Тэа, які тады прэзентаваў Беларусь на Еўрабачанні. Цяпер вучыцца на завочным аддзяленні ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М.Шырокага на факультэце мастацтваў.

Кірыл дапамагаў напісаннем музыкі для сваёй новай песні «Бягу да сонца».

10. Гурт «Napoli» — «My Universe» («Мой Сусвет»)

Трыа Napoli існуе з 2012 года. За гэты прамежак часу калектыў запісаў дзесяць песняў, зняў некалькі кліпаў. У 2014 годзе адзін з салістаў Ілля Краўчук загінуў у выніку бойкі ў Дзяржынску.

Гурт тройчы спрабаваў паехаць ад Беларусі на Еўрабачанне. Сёння адна з салістак Вольга Шыманская прадстаўляе гурт сольна. Сама яна прафесійна выкладае вакал, сваю песню лічыць баладай. У сваім выступе абяцае выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?