Прадстаўнікі маладзечанскіх уладаў 21 студзені самі прыйшлі на сустрэчу з прадпрымальнікамі, прадухіліўшы іх шэсце да райвыканкама.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Маладзечна і чыноўнікі райвыканкама абмеркавалі наступствы ўваходжання ў дзеянне прэзідэнцкіх указаў № 222 і 48, якія рэгламентуюць дзейнасць ІП, у будынку гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра «Модуль».

Раней меркавалася, што ІП збяруцца каля «Модуля» і пройдуць па цэнтральнай вуліцы Маладзечна, каб перадаць свае патрабаванні ў райвыканкам.

«Відаць, пайшла ўстаноўка гасіць абурэнне прадпрымальнікаў на апярэджанне, каб не яны ішлі ў выканкамы, а каб чыноўнікі самі выязджалі да месцаў дыслакацыі ІП», — заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Палітык сёння здзейсніў паездку ў Маладзечна са сваімі партнёрамі па правацэнтрысцкай кааліцыі — першым намеснікам старшыні руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам і сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталем Рымашэўскім. Яны наведалі рэчавы рынак, перадалі зварот у райвыканкам з прапановай правесці круглы стол па праблеме карупцыі ў рэгіёне, а таксама планавалі прыняць удзел у шэсці прадпрымальнікаў.

У выніку ІП пагутарылі з прадстаўнікамі райвыканкама ў будынку гандлёвага цэнтра. На сустрэчы чыноўнікі прапанавалі прадпрымальнікам выкласці прэтэнзіі і прапановы на паперы і перадаць іх у выканкам. «Такія сустрэчы прадпрымальнікаў з чыноўнікамі звычайна сканчаюцца нічым. Гэта размова глуханямога і сляпога, яны размаўляюць на розных мовах. Мне было важна паглядзець, як усё гэта адбываецца на месцах», — сказаў Лябедзька.

Прадпрымальнікі дамагаюцца скасавання указаў № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», які ўвайшоў у сілу 1 студзеня, і № 48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». Гэтыя дакументы, як сцвярджаюць ІП, паралізавалі іх працу.

Каментуючы паездку ў Маладзечна, Юрась Губарэвіч адзначыў, што сітуацыя там падобная на тое, што зараз адбываецца ў іншых гарадах Беларусі. «На рынках не працуе 90% індывідуальных прадпрымальнікаў», — падкрэсліў ён. Палітык лічыць, што сітуацыя з ІП створыць напружанне на рынку працы і ударыць па кішэні грамадзян, якія прывыклі купляць танныя рэчы.

У сваю чаргу Віталь Рымашэўскі адзначыў, што падчас паездак па рэгіёнах яны хочуць убачыць, што ў рэальнасці адбываецца ў гарадах Беларусі, даведацца аб праблемах прадпрымальнікаў і іх бачанне выйсця з сітуацыі. Палітык лічыць, што беларуская апазіцыя павінна імкнуцца аб'яднаць нацыю ў барацьбе за годнае жыццё. Паводле яго слоў, вырашыць сацыяльныя праблемы без іх палітызацыі сёння немагчыма. Рымашэўскі назваў памылкай стратэгію тых лідараў прадпрымальнікаў, якія «выводзілі свае патрабаванні з палітычнай плоскасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?