Грамадзянін Расіі Пётр Іванік, які знаходзіўся ў камеры смяротнікаў СІЗА № 1 Мінска, вызвалены з-пад варты, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Паводле слоў начальніка міжнародна-прававога аддзела Алега Хлышчэнкі, ва ўстаноўлены законам тэрмін у Генпракуратуру не паступілі дакументы з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў на выдачу асуджанага. У сувязі з гэтым 16 студзеня 2016 года Іваніка выпусцілі на волю.
Нагадаем, у снежні 2011 года шарыяцкі суд эмірата Шарджа ААЭ прызнаў Пятра Іваніка і яго бізнес-партнёра Аляксея Янчука ўдзельнікамі забойства свайго кампаньёна з Чалябінска Яўгена Хапрова і завочна вынес ім смяротны прысуд.
Хапроў, Янчук і Іванік з'яўляліся заснавальнікамі кампаніі АVIA, якая займалася грузапасажырскімі авіяперавозкамі. Як паведамлялі расійскія СМІ, партнёры сталі падазраваць Янчука ў растраце 3,2 млн долараў, што неўзабаве пацвердзіла аўдытарская праверка. У выніку яму давялося перадаць партнёрам сваю долю ў кампаніі. У сакавіку 2009 года невядомыя выкралі Хапрова з яго дома і вывезлі ў невядомым кірунку. Пазней бізнесмена знайшлі забітым ва ўласнай машыне.
Шарыяцкі суд палічыў віну Янчука і яго памочніка Іваніка даказанай. Паколькі ў ААЭ няма падзелу на замоўцаў і выканаўцаў забойства, абодва прызнаныя ўдзельнікамі злачынства. Непасрэдных кілераў, якія ўварваліся ў дом бізнесмена, следства так і не ўстанавіла.
Доўгі час месцазнаходжанне Янчука і Іваніка было невядомае. Пазней з'явілася інфармацыя, што Янчук, магчыма, мае права на жыхарства ў Германіі, а Іванік апынуўся ў мінскім СІЗА.
У пасольстве Расіі паведамілі, што адвакат рэгулярна наведваў Іваніка ў следчым ізалятары. Консульскі аддзел ўважліва сачыў за лёсам асуджанага.
У выпадку экстрадыцыі ў ААЭ Іваніка маглі расстраляць, як гэта прадугледжана крымінальным заканадаўствам Эміратаў адносна асуджаных да смяротнага пакарання.





