Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб ААТ «Гомельскі мясакамбінат», Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. 

Па крымінальнай справе ў якасці падазраваных прыцягнутыя больш за 10 чалавек. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Крымінальная справа была распачатая Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і перададзеная ў СК для далейшага расследавання, паведамляе Следчы камітэт.

Нагадаем, 2 снежня 2015 года ў СМІ паступіла інфармацыя пра затрыманне праваахоўнымі органамі намесніка Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Максіменкі, дырэктара Гомельскага мясакамбіната Рычарда Стэфановіча і іншых службовых асоб за пэўныя махінацыі з мясам. У снежні КДБ ці СК не каментавалі гэтую інфармацыю. 

Паводле інфармацыі СК, незабеспячэнне належных умоў захоўвання мясной прадукцыі на Гомельскім мясакамбінаце з мая па снежань 2015 года прывяло да псавання больш за 100 тон мяса. «Дырэктар камбіната, заручыўшыся падтрымкай першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама і намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктара дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, насуперак патрабаванням нарматыўных актаў, якія прадпісваюць утылізацыю такой прадукцыі, арганізаваў перапрацоўку і рэалізацыю сапсаванага мяса, што паставіла ў небяспеку жыццё і здароўе грамадзян», — інфармуе Следчы камітэт.

Цяпер праводзіцца работа па зборы доказнай базы. Атрыманыя звесткі аб тым, што адным з матываў учынення злачынства службовымі асобамі з'явілася імкненне ўтаіць сапраўднае становішча спраў на прадпрыемстве, дапушчаную безгаспадарчасць з боку кіраўніцтва, а таксама боязь негатыўных наступстваў для сябе.

Следства зрабіла захады па выяўленні і канфіскацыі сапсаванай прадукцыі, якая цяпер накіраваная на ўтылізацыю.

Гучныя затрыманні высокіх прадстаўнікоў улады адбываліся ў абласным цэнтры і раней. У верасні 2012 года быў затрыманы і затым асуджаны старшыня гарвыканкама Віктар Піліпец. У маі 2014 года былі затрыманыя першы намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Банчук і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Трызна. Аляксандр Максіменка і заняў праз некаторы час крэсла Віктара Банчука. 

У Магілёўскім абласным судзе цяпер ідуць слуханні крымінальнай справы, фігурантамі якой з'яўляюцца Банчук і Трызна. Ім ставяцца ў віну таксама махінацыі з мясам, якое пастаўлялася ў Расію без перадаплаты, з-за чаго беларускія камбінаты неслі страты.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?