Гарадскія аўтобусы ў Мінску паступова будуць пераводзіцца на газавае паліва, паведаміў 20 студзеня на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Лявонцій Папянок.

Паводле яго слоў, у сталіцы з сакавіка мінулага года ўжо курсіруе 10 такіх аўтобусаў. «Яны паказалі, што могуць працаваць і пры паніжаных тэмпературах, працаваць устойліва. Калі, як абяцалі пастаўшчыкі, будуць тарыфы ў два разы ніжэйшыя за кошт дызельнага паліва, то эканомія складзе 47%», — адзначыў Папянок.

«Мы плануем закупляць яшчэ такія аўтобусы, калі будзе дазваляць бюджэт. Мы не адыдзем ад гэтага, праз паўгода, год мы прыйдзем да поўнай замены на газавыя аўтобусы», — лічыць гендырэктар.

Ён таксама адзначыў, што ў гэтым годзе будзе працягвацца праца па абнаўленні рухомага саставу. «Намі заключаны дагавор з «Белкамунмашам» на пастаўку 33 сучлененых тралейбусаў, таксама ёсць дагавор на пастаўку 97 аўтобусаў. Гэта пакуль першыя крокі, патрэбы большыя. Але ў нас ёсць запас трываласці, я не бачу крытычнасці ў гэтым пытанні, будзем працаваць устойліва і аб'ёмы перавозак будзем выконваць», — запэўніў Папянок.

Ён паведаміў, што на балансе прадпрыемства 1.463 аўтобусы, 995 тралейбусаў і 138 трамваяў.

«Можна стварыць і большыя рэзервы, але гэта будзе не эканомна. Трэба дапаўняць штат вадзіцеляў, павялічваць сабекошт праезду. У гэтым сёння няма неабходнасці», — лічыць Папянок.

Сёлета таксама пачатая праца са стварэнні тралейбусных ліній у мікрараёне Каменная Горка, працягнецца рэканструкцыя трамвайных пуцей, у прыватнасці, на вуліцы Чапаева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?