У футбольным Бабруйску гэтымі днямі неспакойна – у горадзе з’явіўся таямнічы расійскі інвестар, які хоча набыць ФК «Белшына».

Новая ўлада яшчэ не прызначаная, пагадненні не падпісаныя, але расейцы ўжо пачынаюць дыктаваць свае правілы гульні. Адпраўлены ў адстаўку галоўны трэнер каманды Віталь Паўлаў, які быў прызначаны толькі пасля Новага года, ён меркаваў захаваць леташні склад каманды, які заняў высокае чацвёртае месца. А на першы збор каманды накіраваліся толькі двое гульцоў леташняй асновы — Панкратаў і Карамушка — плюс некалькі перспектыўных маладзёнаў.

Каманду цяпер трэніруе расейскі спецыяліст Уладзімір Ежураў, апошнім клубам якога быў краснаярскі «Енісей».

Адзін з лідараў мінулагодняй «Белшыны» Аляксандр Шагойка кажа, што навіну аб тым, што клуб не зацікаўлены ў ягоных паслугах, перадалі праз трэціх асобаў, ніякіх кантактаў з новым начальствам ён не меў.

«Сур’ёзным кіраўніцтвам я лічу людзей, якія дзейнічаюць салідна, а не з пазіцыі «раблю што хачу, а на астатніх пляваць», — сказаў Шагойка ў інтэрв’ю сайту football.by.

Камунальнае спартыўнае ўнітарнае прадпрыемства «Бабруйскі футбольны клуб «Белшына» было ў падпарадкаванні гарвыканкама. Заключэннем пагадненняў з новымі ўладальнікамі займаюцца якраз гарадскія чыноўнікі.

Паводле крыніц «НН», сума ўгоды складзе каля 1 мільёнаў даляраў. Прычым новыя ўласнікі атрымаюць не толькі клуб, але і маёмасць, што знаходзілася ў падпарадкаванні «Белшыны», а гэта значыць – 9-павярховую гасцініцу з рэстаранам, базу з саўнай і полем, стадыён імя Аляксандра Пракапенкі са штучным пакрыццём.

Таму многія ў Бабруйску абураюцца якраз не продажам каманды, а маёмасці. Калі ўявіць гіпатэтычную сітуацыю, што новыя ўласнікі праз пэўныя часы адмовяцца ад «Белшыны», то адрадзіць з нуля футбольны клуб у Бабруйску будзе амаль немагчыма праз поўную адсутнасць інфраструктуры.

Таксама многіх абурае, што ўгода адбываецца абсалютна непразрыста. Ніякіх тэндараў на продаж футбольнага клуба не было. А раней у клубе без тэндару немагчыма было купіць нават форму.

У футбольных асяродках кажуць, што новыя інвестары ездзілі па многіх гарадах Беларусі. Яны ў былі ў Брэсце, але іх адпалохала тое, што мясцовае «Дынама» мае вялікія пазыкі.

У «Крумкачах» яны не змаглі дамовіцца з уласнікам каманды Дзянісам Шунто. Былі гэтыя людзі таксама ў Магілёве, але мінус каманды гэтага абласнога цэнтра, што яна не гуляе ў вышэйшай лізе. У Магілёве ўпершыню і прагучала прапанова адносна бабруйскай «Белшыны». А далей усё было як у «Залатым цяляці» Ільфа і Пятрова: «Пры слове «Бабруйск» сход хваравіта застагнаў. Усе згаджаліся ехаць у Бабруйск хоць цяпер. Бабруйск лічыўся выдатным, высокакультурным месцам».

Кажуць, што разнарадка аб продажу клуба прыйшла з Магілёўскага аблвыканкама. Гарадскія ўлады задаволеныя, што цяпер ім не трэба думаць як забяспечыць клуб на будучы сезон.

Канкрэтныя імёны новых уласнікаў «Белшыны» пакуль трымаюцца ў сакрэце. Спартыўныя сайты пішуць громкія загалоўкі, што ў Бабруйску створаць канкурэнта БАТЭ, але пакуль на прагляд у каманду запрасілі гульцоў сярэдняй рукі, якія не змогуць вывесці каманду на якасны новы ўзровень.

У бліжэйшыя дні ўсе гэтыя бабруйскія сакрэты павінны быць вырашаныя. У гэты ж час пачне вымалёўвацца перспектыва на наступны сезон, у якім «Белшына» пры ўдалым збегу абставін нават зможа згуляць у Лізе Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?