Галівуд мёртвы. Балівуд вычарпаўся. Мікітаміхалкоўвуд — і той стаміўся. Сустракай Вакалівуд — кінастудыю з трушчоб Уганды, дзе здымаюцца неймаверныя баевікі з бюджэтам 200 даляраў.

Вакаліга — бедны прыгарад беднай сталіцы беднай Уганды. Свет ніколі б не дазнаўся пра гэтую глуш, калі б аднойчы ў Вакалізе не завялася кінастудыя Ramon Film Production. За час свайго нядоўгага існавання мясцовыя энтузіясты рукапашнага бою пад кіраўніцтвам рэжысёра-сцэнарыста-прадзюсара-аператара-мантажора Ісаака Набваны выпусцілі больш за дваццаць звышнізкабюджэтных фільмаў. Самы вядомы з іх на сённяшні дзень — баявік 2011года «Хто забіў капітана Алекса», трэйлер да якога, што называецца, узарваў інтэрнэт.

Фільм пра вайну паліцыі і наркагандляроў быў цалкам зроблены за месяц і каштаваў кінастудыі 200 даляраў. Здымкі адбываліся на вуліцах і ў закуточках роднай Вакалігі, на акцёрах было адзенне з іх уласнага гардэроба, а ў сцэнах гулянкі яны трымалі ў руках шклянкі з падфарбаванай вадой, якая павінна была нагадваць дарагі алкаголь. Калі рэжысёру здавалася, што ў батальнай сцэне занадта мала ўдзельнікаў, ён апранаў на твар акцёра маску і здымаў яго яшчэ раз, але з ужо іншага ракурсу.

Як можна заўважыць, не толькі выбухі і разбурэнні, але і кроў персанажаў ў фільме «Хто забіў капітана Алекса» — намаляваная на камп'ютары. Але так было не заўсёды. У сваіх першых работах Набвана выкарыстаў каровіну кроў. Аднак ад яе давялося адмовіцца, пасля таго як адзін з акцёраў заразіўся праз такую антысанітарыю бруцэлёзам і надоўга трапіў у бальніцу.

Ад цацачных аўтаматаў і пісталетаў, якімі размахвалі акцёры ў ранніх вакалівудскіх фільмах, рэжысёр цяпер таксама адмовіўся. Бо, нягледзячы на тое, што верталёт ў яго карціне можа, пралятаючы, разбурыць два гарадскія кварталы, Набвана выступае за рэалізм. «Пластмасавая зброя занадта лёгкая, — кажа ён, — таму акцёру цяжэй пераўвасобіцца. Вось мы і сталі рабіць бутафорскую зброю з металу. З цяжкім аўтаматам акцёр і сам верыць, быццам трымае ў руках нешта сапраўднае, і гэта дапамагае яму граць лепш».

Кінатэатры ва Угандзе не паказваюць фільмы Набваны. Распаўсюджваннем DVD (памятаеш, былі такія круглыя бліскучыя штукі?) займаюцца самі акцёры, прадаючы дыскі на вуліцах. Адзін дыск каштуе 2000—3000 угандыйскіх шылінгаў, то бок крыху меней за даляр. Калі адняць кошт самога дыска, то навар з кожнага прададзенага DVD у сярэднім складае цэлых 15 цэнтаў!

І нават гэта было б нядрэнна, але перашкаджаюць мясцовыя відэапіраты. Звычайна кінастудыя прыкладна тыдзень паспяхова распаўсюджвае на вуліцах і рынках Кампалы новы вакалівудскі фільм, але тут падключаюцца гандляры нелегальнымі копіямі, і Набвана са сваімі акцёрамі зноў аказваюцца ні пры чым. Напрыклад, студыі ўдалося прадаць ва Угандзе 10 тысяч дыскаў са сваім баевіком «Хто забіў капітана Алекса». Піраты ж прадалі ў дзесяць разоў больш.

Набвана (другі злева) за здымкай чарговага трэш-шэдэўра.

Набвана (другі злева) за здымкай чарговага трэш-шэдэўра.

Два тыдні таму з'явіўся трэйлер найноўшага баевіка Набваны «Аперацыя «Какангаліра». Угандыйскія нястрымныя», і ён абяцае дзівоснае відовішча.

Пасля аб'явы аб зборы сродкаў на «Кікстартары» вакалівудскім творцам ўдалося сабраць па свеце не абы-якую суму. Бюджэт «Угандыйскіх нястрымных» — ажно 2000 даляраў! У дзесяць разоў больш, чым звычайна! А значыць — у дзесяць разоў больш выбухаў і крыкаў «Кія!» з угандыйскім акцэнтам.

Набвана не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У найбліжэйшых планах рэжысёра — здымка блокбастара, які апавядае аб прыездзе Абамы ва Уганду. Ужо цікава? І гэта ты яшчэ не ведаеш галоўную інтрыгу сюжэта. Падчас візіту амерыканскага прэзідэнта скрадзе племя людажэраў!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?