У «Нашу Ніву» звярнулася Зінаіда Малашка са Слоніма, маці хлопца, асуджанага за забойства.

Жанчына сцвярджае, што яе сын не вінаваты. Сітуацыя яна лічыць збегам абставінаў.

10 лістапада 2013 года двое яе сыноў, 23-гадовы Дзмітры і малодшы на два гады Яўген, вырашылі наведаць мясцовы клуб «Оскар», патанчыць.

Дзмітры Малашка

Дзмітры Малашка

Пасля дыскатэкі, каля трэцяй гадзіны ночы, хлопцы вярталіся дамоў. Далей адбылася кананічная сустрэча з незнаёмай кампаніяй. У Яўгена папрасілі цыгарэту. Ён даў. Тады яму загадалі: «Частуй усіх!»

Слова за слова, пачалася бойка — Яўген атрымаў у твар і самлеў. Дзмітры таксама прапусціў пару ўдараў, але ён і даў адпор, у сваю чаргу ўдарыўшы некаторых з нападнікаў. Кампанія збегла.

Тым часам людзі пабачылі бойку і выклікалі міліцыю. Калі праваахоўнікі прыехалі, то знайшлі толькі двух братоў Малашкаў. Іх забралі ў аддзяленне, але хутка адпусцілі. Заяву пісаць браты не сталі.

«Па паказаннях хлопцаў з той кампаніі, пасля яны накіраваліся ў краму. Там набылі віно і пілі да раніцы на бліжэйшым прыпынку. Каля 8 гадзіны разышліся. Адзін з хлопцаў, 25-гадовы Віталь, прыйшоў дахаты разам з сябрам. Там яны разам з маці Віталя выпілі яшчэ трохі, пра гэта і маці, і сябар узгадвалі на судзе», — кажа Зінаіда Малашка.

На наступны дзень нічога асаблівага не адбываецца. Але наступным ранкам Віталь пачынае адчуваць сябе не надта добра. Маці выклікае хуткую, хлопца забіраюць у бальніцу. Раніцай 14-га лістапада Віталь памірае. Як будзе вызначана, з прычыны закрытай чэрэпна-мазгавой траўмы і кровазліцця ў мозг.

У той жа дзень, 14 лістапада, у міліцыю забіраюць братоў Малашка. Яўгена ўвечары адпускаюць, Дзмітрыя — не. Высветлілася, што калі Віталь трапіў у бальніцу, то пра яго траўмы паведамілі ў міліцыю. Яшчэ пакуль ён быў жывы, міліцыянты дапрасілі яго сяброў і даведаліся пра начную бойку.

У СІЗА Дзмітры правёў амаль паўгода. Вясной 2014-га ў Слоніме адбыўся суд. Дзмітрыя прызналі вінаватым у забойстве па неасцярожнасці. Хлопец атрымлівае тры гады з адтэрміноўкай, застаецца на волі, але пад наглядам міліцыі.

Але пракуратура падае скаргі — прысуд для яе занадта мяккі. Малашкі пра гэта не ведаюць, сцвярджае Зінаіда, жывуць спакойна. Дзмітры нават паступае ў Лідскі каледж, на завочнае.

У выніку Вярхоўны суд адмяняе папярэдняе рашэнне, справу адпраўляюць на даследаванне. Летам 2015-га праходзіць новы суд. Дзмітрыю мяняюць меру пакарання. Хлопец атрымлівае тры гады «хіміі».

На гэты раз скаргі пішуць і пракуратура, і сям’я Малашкаў. Першыя лічаць, што прысуд ізноў надта мяккі, другія — што, наадварот, зажорсткі.

Але не паспявае Дзмітры з’ехаць на «хімію», як гродзенскі суд адмяняе і гэтае рашэнне слонімскага суда. Справу перадаюць у Наваградак. І ў лістападзе праходзіць чарговы суд, трэці, ужо ў Наваградку. Вырашаюць, што Дзмітры вінаваты ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці пацярпелага. А гэта зусім іншы артыкул.

Адпаведна, і пакаранне іншае — хлопец атрымлівае 7,5 гадоў калоніі.

Хлопец звычайны, працаваў наладчыкам на мясцовым папяровым заводзе. Суседзі і знаёмыя ўзгадваюць яго добрым словам. Жыхары мікрараёна Альбярцін, дзе жывуць Малашкі, нават пішуць калектыўны ліст у падтрымку Дзмітрыя — больш за 300 подпісаў.

«Нашто з майго сына робяць забойцу? Я не разумею. Нашто? — пытаецца маці Дзмітрыя. — Пратэст пасля першага суда пісалі не бацькі загінулага, а намеснік галоўнага пракурора рэспублікі. Як гэта? Чаму менавіта ён? Пасля я размаўляла з братам загінулага. Ён пацвердзіў, што ані ён, ані маці да той скаргі дачынення не маюць».

Зінаіда лічыць прысуд несправядлівым.

«На першым судзе хлопцы з той кампаніі казалі пра нейкага Саіда, які, калі яны пілі на прыпынку, таксама ўдарыў Віталя, то бок ужо пасля бойкі з маім сынам. Гэта спачатку фігуравала ў матэрыялах справы, потым чамусьці знікла, — кажа Зінаіда Ма- лашка. — Плюс у загінулага было больш за 20 траўматычных пашкоджанняў і ўсе яны датуюцца тэрмінам 4—7 дзён да смерці. То бок хто там яшчэ яго біў, і калі — невядома. Прычым у матэрыялах праверкі фігуруюць словы маці Віталя, якая ўзгадвае бойку каля крамы. Але ў крымінальнай справе ўжо чамусьці пра гэта нічога няма».

Зінаіда сцвярджае, што знайшла сведку — жанчыну, якая бачыла ўсю бойку.

«Тая жанчына кажа, што міліцыя з ёй таксама размаўляла, але сказалі: «Вашыя паказанні не супадаюць з паказаннямі астатніх сведкаў». І яе паказанняў у крымінальнай справе таксама няма», — кажа Зінаіда.

Цяпер Дзмітры «сядзіць» пад Баранавічамі. Неўзабаве яго адправяць у папраўчую калонію нумар 3, больш вядомую як «Віцьба». Маці збіраецца і далей пісаць скаргі, звяртацца ў Вярхоўны суд. У тое, што яе сын не вінаваты, яна верыць. А ў тое, што яе высілкі дапамогуць…

«Я ў гэта павінна верыць. Бо што мне яшчэ застаецца?» — пераканана Зінаіда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?