Спробы нарвежскіх праваабаронцаў спыніць выправаджэнне мігрантаў зваротамі ў Камісарыят ААН па бежанцах і Еўрапейскі суд па правах чалавека аказаліся беспаспяховымі.
Як паведаміла прадстаўніца нарвежскага філіяла Amnesty International, першая партыя мігрантаў, сабраных на былой ваеннай базе блізу горада Кіркенэс, што ля мяжы з Расіяй, падрыхтаваная да адпраўкі на аўтобусах у напрамку пагранічнага пераходу.
Менавіта праз Кіркенэс на працягу некалькіх месяцаў мігранты, сярод якіх пераважалі сірыйцы, перасякалі мяжу з Нарвегіяй.
З-за асаблівасцяў расійскіх законаў, якія забараняюць перасячэнне мяжы ў гэтым месцы пешшу, мігранты масава скуплялі ровары і праязджалі праз мяжу на двух колах.
Усяго, паводле падлікаў нарвежскай памежнай службы, у другой палове 2015 года ў Нарвегію прыбыло такім чынам 5500 чалавек.
Усе яны мелі візы для знаходжання на тэрыторыі Расіі ці прыдатныя для перамяшчэння па Расіі транзітам дакументы. Менавіта гэта, з пункту гледжання ўладаў у Осла, дае падставы казаць пра тое, што яны маглі прасіць аб прадастаўленні прытулку яшчэ да з'яўлення ў Нарвегіі.
У лістападзе нарвежскія ўлады закрылі мяжу для мігрантаў і ўнеслі змены ў іміграцыйнае заканадаўства. Цяпер у разглядзе просьбаў аб прытулку будзе адмоўлена наогул, калі просьбіт прыбыў з краіны, у якой яго жыццю нічога не пагражала.
Нягледзячы на тое, што ў іншых выпадках Нарвегія давала прытулак расейцам, якія прыехалі туды, у цэлым Расія лічыцца бяспечнай у гэтых адносінах краінай.