Французская аўтамабілебудаўнічая група Renault адклікае 15 800 красовераў Captur для замены фільтраў ачысткі выкідаў.

Пра гэта паведамляюць французскія СМІ са спасылкай на інтэрв'ю міністра экалогіі Сегален Руаяль радыё RTL.

Renault Captur, фота renault.co.uk

Renault Captur, фота renault.co.uk

У выніку праверак высветлілася, што рухавікі некаторых мадэляў кампаніі Renault, уключаючы Captur і Espace 5, не адпавядаюць устаноўленым гранічным нормам утрымання шкодных рэчываў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра 110-сілавы дызельны рухавік красовера Captur.

Па словах Сегален Руаяль, Renault адклікае машыны, якія яшчэ не былі прададзеныя. Сістэма фільтрацыі, адзначыла яна, перастае працаваць пры «вельмі высокай тэмпературы і тады, калі тэмпература апускаецца ніжэй за 17 градусаў Цэльсія».

Французскі ўрад, які валодае 20% акцый Renault, пасля леташняга скандалу з Volkswagen стварыў камісію па праверцы адпаведнасці ўзроўняў выкідаў аўтамабільных рухавікоў усталяваным нормам.

Камісія не знайшла на французскіх машынах «жульніцкага» праграмнага забеспячэння.

Кіраўніцтва Renault абвясціла, што 700 тысяч уладальнікаў змогуць па жаданні праверыць ПА сістэмы фільтрацыі сваіх машын летам 2016 года.

Французскія ўлады праводзяць таксама расследаванне ў дачыненні да аўтамабіляў Mercedes і Ford.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?