У Беларусі 25,1 працэнта атрымальнікаў пенсій працягваюць працаваць — фактычна кожны чацвёрты пенсіянер, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова.

Паводле статыстычных даных, на 1 студзеня гэтага года агульная колькасць атрымальнікаў пенсій у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дасягнула 2 млн 592,8 тыс. чалавек, у тым ліку 2 млн 527,1 тыс. жыхароў краіны атрымліваюць працоўныя пенсіі.

Працягваюць працоўную дзейнасць 651,2 тыс. пенсіянераў. Прычым прадстаўніц прыгожага полу сярод працуючых пенсіянераў у два разы больш, чым прадстаўнікоў моцнай палавіны (438,4 тыс. жанчын і 212,8 тыс. мужчын).

Ларыса Яшкова адзначыла, што ў мінулым годзе не назіралася сезоннага вагання ўдзельнай вагі працуючых пенсіянераў (у папярэднія гады ў летні перыяд гэты паказчык быў ніжэйшы, а ў зімовы — крыху вышэйшы).

Што датычыцца полаўзроставай структуры працуючых атрымальнікаў працоўных пенсій, то на 1 студзеня бягучага года ў рэспубліцы было 53,4 тыс. жанчын і 28,8 тыс. мужчын ва ўзросце да 55 гадоў; 216,9 тыс. жанчын і 33,3 тыс. мужчын ва ўзросце 55-59 гадоў. Ва ўзроставай кагорце атрымальнікаў пенсій 60-64 гады працуючых жанчын было 105,6 тыс., мужчын - 96,4 тыс. Прадоўжылі працаваць 46,9 тыс. жанчын і 40,2 тыс. мужчын ва ўзросце 65-69 гадоў. У ліку пенсіянераў, якія працягваюць працаваць, — 14 тыс. жанчын і 11,5 тыс. мужчын ва ўзросце 70-79 гадоў. Лічацца працуючымі 458 жанчын і 536 мужчын ва ўзросце 80-89 гадоў, а таксама 6 жанчын і 13 мужчын, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж.

Прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны канстатавала, што нацыянальным заканадаўствам устаноўлена абмежаванне ў выплаце пенсій толькі для тых, хто меў высокую заработную плату ў мінулым і чый індывідуальны каэфіцыент заработку перавышае 1,3. Рэальна пенсійныя выплаты абмяжоўваюцца нязначна: большасць працуючых пенсіянераў атрымліваюць пенсіі без выключэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?