Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі абласцей і генеральныя планы горада — спадарожніка Брэста — Жабінкі, горада — спадарожніка Гродна — Скідзеля, а таксама гарадоў — спадарожнікаў Мінска — Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Рудзенска, Смалявіч і Фаніпаля. Адпаведны ўказ №13 Лукашэнка падпісаў 18 студзеня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У схемах улічаны асаблівасці кожнай вобласці, закладзеныя ў аснову распрацаваных рацыянальных мадэлей іх тэрытарыяльнай арганізацыі з устанаўленнем асноўных планіровачных восей і цэнтраў рассялення насельніцтва, што фарміруюць унутраную структуру - унутрыабласныя рэгіёны. Вызначаны таксама прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных тэрыторый, інжынерна-тэхнічнай і транспартнай інфраструктуры, прадугледжаны стварэнне аптымальнай сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага і мясцовага значэння і развіццё турызму.

Як растлумачылі ў прэс-службе, рэалізацыя генеральных планаў развіцця гарадоў-спадарожнікаў будзе садзейнічаць узаемаўвязанаму развіццю гарадоў-цэнтраў з выкарыстаннем сацыяльнай інфраструктуры гарадоў-спадарожнікаў для паляпшэння абслугоўвання сельскага насельніцтва, паляпшэнню інвестыцыйнага клімату сталіцы і абласных цэнтраў за кошт пашырэння выбару інвестыцыйных пляцовак, забяспечаных працоўнымі рэсурсамі, транспартнай і інжынернай інфраструктурай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?