Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьер перакананы ў тым, што Еўропа не ў стане прыняць усіх патэнцыйных бежанцаў з Афрыкі і Азіі.
Пра гэта ён заявіў сёння, 18 студзеня, у Жэневе, выступаючы на сумесным пасяджэнні Сусветнай рады цэркваў і гуманітарных арганізацый ААН, піша Deutsche Welle.
Ён таксама заклікаў усур'ёз успрымаць асцярогі і неспакой еўрапейцаў у сувязі з наплывам бежанцаў.
На яго думку, наплыў бежанцаў варта абмежаваць.
«Міграцыя мае і свой цёмны бок. Яна можа прывесці да канфліктаў. Даводзіцца сутыкацца з тым, што нешта чужое можа ўспрымацца як пагроза», — адзначыў міністр.
Акрамя таго, дэ Мэзьер падкрэсліў, што наплыў бежанцаў у Еўропу неабходна абавязкова паменшыць.
«Улічваючы значную колькасць патэнцыйных бежанцаў у Афрыцы і Азіі, я лічу, што проста немагчыма прыняць усіх, хто шукае лепшага жыцця ў Еўропе», — дадаў ён.
Нямецкі міністр таксама падкрэсліў, што Германія чакае большы ўклад Турцыі ў барацьбу з нелегальнай міграцыяй.
Як раней паведамлялася, ЕС лічыць, што Турцыя прымае недастаткова мер для значнага памяншэння патоку бежанцаў і мігрантаў у Еўропу.
Нагадаем, у мінулым годзе Турцыя і ЕС падпісалі пагадненне, згодна з якім Турцыя ўзяла на сябе абавязацельствы паменшыць наплыў мігрантаў у ЕС у абмен на грашовую дапамогу ў памеры 3 млрд еўра, лібералізацыю візавага рэжыму і аднаўленне перамоў аб уступленні Турцыі ў ЕС.