Аляксандр Чычко дае каментар БТ.

Аляксандр Чычко дае каментар БТ.

У мінскім гарадскім судзе пачаўся суд па справе выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якіх абвінавачваюць у прысваенні грашовых сродкаў.

Спачатку ў справе фігуравалі чацвёра выкладчыкаў універсітэта – трое прафесараў з кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ і жонка аднаго з іх. Але прафесар Давыд Кукуй загінуў у аўтамабільнай аварыі. Таму ў суда засталіся толькі трое абвінавачаных.

Гэта 74-гадовы Уладзімір Собалеў, які, дарэчы, пасля няшчаснага выпадку (ён загарэўся на ўласнай кухні) мае вялікія праблемы са зрокам і слыхам. У снежні 2015 ён атрымаў інваліднасць 2-й групы і пакінуў пасаду прафесара.

Таксама ў справе абвінавачваюцца Аляксандр Чычко, які працягвае працаваць у БНТУ на пасадзе прафесара, і яго жонка Вольга, дацэнт Рэспубліканскага інстытута высокіх тэхналогій БНТУ.

Сваёй віны не прызнае ніхто з фігурантаў справы.

Цікава, што і муж і жонка Чычко вырашылі адмовіцца ад адвакатаў.

«Па-першае, я даведаўся, колькі каштуюць паслугі кваліфікаванага спецыяліста. Гэта дорага, больш за 6 мільёнаў за пасяджэнне. А ў мяне месячны заробак 6 мільёнаў, — кажа Аляксандр Чычко. – Па-другое, нашая справа вельмі спецыфічная, гэта вузкая спецыялізаваная галіна, у якой адвакат проста не будзе мець досведу. А па-трэцяе, у гэтай справе адвакат можа аказаць адмоўны уплыў, напрыклад, калі будзе супрацоўнічаць са следчымі», – каментуе сваё рашэнне Аляксандр Чычко.

Чычко падалі хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы. Яны сцвярджаюць, што былі проста выканаўцамі работ, прычым выконвалі іх у пазапрацоўны час. А крыміналу ў іх дзеяннях не было.

«А нам хочуць прыпісаць злоўжыванне паўнамоцтвамі. Як імі можна злоўжываць, калі аніякіх паўнамоцтваў мы не мелі?» — абураюцца навукоўцы.

«Я падам цэлы том скаргаў. Бо тое, што тут напісана – толькі малая колькасць таго, што рабілі ў дачыненні да нас. Малая частка незаконнасці», – кажа Аляксандр Чычко.

У паводзінах Аляксандра Чычко можна заўважыць хваляванне, але ў цэлым ён трымаецца спакойна, нават, можна сказаць, упэўнена.

«Грошы мы адпрацавалі як трэба. Прычым грошы за тры гады складаюць не такую вялікую суму, прыкладна па 2 мільёны на месяц на 2—3 чалавек. Тым больш яны [следчыя] лічбы не ўмеюць складваць: там на 10 мільёнаў завысілі, там на 100… А ўвогуле, там столькі памылак… Я іх прадстаўлю пазней, яны здзівяцца! – падзяліўся сваім меркаваннем з «Нашай Нівай» Аляксандр Чычко. – Калі мяне будуць дапытваць, я буду даваць поўныя адказы, каб яны разабраліся. Пракурор – нармальны чалавек, проста яго падставілі, яму падкінулі гэтую справу. Проста следчым трэба апраўдаць неяк 2,5 года сваёй працы».

І ён, і Собалеў лічаць, што ў справе прысутнічаюць арыфметычныя памылкі з лічбамі. Навукоўцы ўпэўненыя, што гэта робіцца, каб «падагнаць» іх справу пад цяжкае злачынства.

Хадайніцтва Чычко аб спыненні крымінальнай справы суд адхіліў.

Нагадаем, што «справа прафесараў» пачалася ў 2013 годзе. Навукоўцаў абвінавацілі ў крадзяжы 200 мільёнаў бюджэтных сродкаў. На той час гэта было больш за 65 тысяч даляраў у эквіваленце. Сцвярджалася, што трое прафесараў стварылі злачынную групу адмыслова для гэтага.

У 2007 годзе прафесарскі склад кафедры, азнаёміўшыся з тым, што трэба беларускім металургам, узяўся распрацаваць тры праграмныя комплексы для іх.

Галіновая камісія ў складзе больш за дзесяць чалавек разгледзела гэтыя заяўкі і ўхваліла іх. Пасля гэтага прафесара і атрымалі тое фінансаванне з бюджэту. У 2010 годзе работы былі завершаны. Камісія зноў жа іх прыняла, не выказаўшы заўваг. Але ў 2011 годзе з'явілася заключэнне іншых спецыялістаў, што выкананая прафесарамі праца на самай справе не мае ніякай вартасці і што ў ёй выкарыстаны старыя, ужо аплачаныя раней напрацоўкі.

Цікава, што якраз у 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка і Камітэт дзяржаўнага кантролю паднялі пытанне аб ліпавых навуковых работах. Маўляў, дзяржава выдзяляе велізарныя сродкі на беларускую навуку, а яна выдае прадукт, які не мае практычнай каштоўнасці.

І ў 2011 годзе КДК пачаў актыўна займацца прафесарамі. Ствараецца спецыяльная камісія, яна пацвярджае, што распрацоўкі старыя. Прафесары лічаць, што ў камісію ўвайшлі людзі, якія знаходзяцца з імі ў непрыязных адносінах.

У БНТУ паступае ўказанне пакрыць нанесеную дзяржаве шкоду. Рэктар патрабуе гэтыя грошы з прафесараў. Выконваючы ўказанне рэктара, прафесары амаль цалкам кампенсуюць так званую шкоду і трапляюць у юрыдычную пастку: раз пакрылі, значыць, прызналі факт.

Сёння прафесараў абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да шкоды ў буйным памеры. Ім пагражае да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?