Жыхарка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, вінаватая ў ДТЗ з удзелам машыны з картэжу суправаджэння, прыгавораная да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію. Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам старшыні суда Аршанскага раёна і горада Оршы Антаніны Карэтнікавай на афіцыйны запыт БелаПАН.

ДТЗ мела месца 5 ліпеня 2015 года на аўтадарозе Орша — Шклоў — Магілёў недалёка ад вёскі Александрыя. Як паведамляў Следчы камітэт, каля 21.00 23-гадовая жыхарка Шклоўскага раёна за рулём «БМВ», у салоне якога знаходзілася шэсць чалавек, выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе яе аўтамабіль сутыкнуўся з мікрааўтобусам «Мерсэдэс-Спрынтар». Ён знаходзіўся ў складзе арганізаванай транспартнай калоны ў суправаджэнні транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў.

У выніку сутыкнення вадзіцелю і тром пасажырам «Мерсэдэса» былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Двум з іх спатрэбіліся складаныя хірургічныя аперацыі, паведамляў СК.

У выніку агляду месца здарэння было ўстаноўлена, што сутыкненне адбылося на паласе аўтамабіля «Мерсэдэс-Спрынтар». Справа была распачатая па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). У вадзіцеля «БМВ» стаж кіравання аўтамабілем на момант аварыі складаў менш за два гады.

Суд Аршанскага раёна і горада Оршы 22 снежня 2015 года разгледзеў гэтую справу на закрытым пасяджэнні.

«Прыгаворам суда абвінавачваная В. прызнаная вінаватай у парушэнні правілаў дарожнага руху, асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага і менш цяжкага цялеснага пашкоджання, і на падставе ч. 2 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь ёй прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін пяць гадоў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў», — паведаміла старшыня суда.

Прыгавор абскарджаны не быў і набыў законную моц 5 студзеня 2016 года.

Карэтнікава не адказала на пытанне, ці было пацверджана падчас суда, што адным з удзельнікаў ДТЗ быў аўтамабіль з картэжу прэзідэнта, як пра гэта паведамляў шэраг беларускіх СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?