Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА) назвала лаўрэатаў сёмай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Цырымонія ўзнагароджання адбылася вечарам 15 студзеня ў Мінску.

Прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ўзнагароджваюцца выбітныя асобы, арганізацыі, а таксама адзначаюцца падзеі, якія былі знакавымі для развіцця трэцяга сектара Беларусі ў мінулым годзе. Яны вызначаюцца шляхам галасавання 43 членаў рабочай групы Асамблеі НДА з ліку прадстаўнікоў розных арганізацый, а таксама 71 спецыяльна запрошаным экспертам з ліку лідараў НДА, журналістаў, якія пішуць аб трэцім сектары, і лаўрэатаў прэміі.

Званнем «Грамадскі лідар года» ўзнагароджаная беларуская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год Святлана Алексіевіч.

У намінацыі «Кампанія года» адзначаная кампанія салідарнасці з кадэтамі Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча. 16 кастрычніка ў сацсетцы «УКантакце» было апублікаванае фота чатырох кадэтаў, на якіх пад форменным адзеннем былі надзетыя майкі з гербам «Пагоня». Фота перадрукавалі СМІ, а пазней з`явілася інфармацыя пра магчымае адлічэнне кадэтаў з вучылішча.

Пераможцам у намінацыі «Новая ініцыятыва» стала серыя перформансаў у падтрымку інвалідаў. Удзельнікі акцыі дэманстравалі на працягу двух дзён, што Мінск застаецца закрытым для інвалідаў горадам.

Найбольш заўважнай рэгіянальнай падзеяй мінулага года, па версіі Асамблеі НДА, стала ахова берага возера Балдук. Гэтая акцыя была арганізаваная эколагамі і мясцовымі жыхарамі, якія пратэставалі супраць будаўніцтва царквы.

Стрыт-арт-фэст Urban Myths атрымаў ганаровае званне «Крэатыў года». Удзельнікі акцыі пры дапамозе графіці імкнуліся з незвычайнага боку паказаць гарадское асяроддзе.

У намінацыі «Партнёрства года» перамагла ініцыятыва гуманітарнага маршруту «Беларусь — АТА».

Узнагароду «Гарбуз» года», якая ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў, атрымала Міністэрства інфармацыі за знішчэнне кнігі цяпер нябожчыка Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога да тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі».

У намінацыі «Журналіст або медыя года» перамог блогер і гарадскі актывіст Антон Матолька.

Найлепшым сайтам НДА, паводле версіі арганізатараў прэміі, стаў рэсурс adukacyja.info.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?