У Пінску з'явіўся прыпынак з выявай вядомых беларусаў, паведамляе сайт ipinsk.by.
На новым прыпынку на плошчы Кірава размясцілі партрэты Івана Шамякіна, Уладзіміра Мулявіна і Максіма Багдановіча.
Падбор персон не выпадковы: усе згаданыя вышэй дзеячы беларускай культуры адзначаюць у гэтым годзе юбілеі.
Як паведамляе сайт «Медыя-Палессе», прыпынкі абнаўляе адна з рэкламных кампаній горада Пінска. Раней яна ўжо перарабіла прыпынак на вуліцы Цэнтральнай, побач з дзіцячай бальніцай.
Нагадаем, у 2016 адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча, 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі спевака і кампазітара Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.





