Летам 1941 года ў Чырвонай Арміі расстрэльвалі за рэальную ці ўяўную «здраду Радзіме» столькі сваіх жаўнераў, што фактычна «заспамілі» смяротнымі прыгаворамі свае штабы.

Пра гэта сведчыць дакумент з Цэнтральнага архіву міністэрства абароны РФ, які выклаў у сваім блогу расійскі ваенны гісторык Андрэй Уланаў. 

У дакуменце начальнік Галоўнага палітычнага ўпраўлення РЧСА Леў Мехліс паведамляе, што шыфровак у Маскву са смяротнымі прыгаворамі, якія трэба зацвердзіць, прыходзіць столькі, што іх колькасць замінае адпраўцы аператыўных дакументаў — то бок замінае кіраваць войскамі.

Мехліс нагадвае, што зацвярджаць прыгаворы могуць на месцы камісары і камандзіры карпусоў, ваенныя рады армій і франтоў, і што не трэба ўсе прыгаворы слаць у Маскву.

«Прапануем перадаваць шыфрам прыгаворы пра расстрэлы толькі ў выпадку разыходжанняў з камандаваннем», — піша Мехліс.

Дакумент пазначаны датай 22 ліпеня 1941 года.

Па афіцыйнай савецкай статыстыцы да 31 снежня 1941 года толькі афіцыйна — ваеннай пракуратурай — было вынесена 31 327 смяротных прыгавораў савецкім жаўнерам і афіцэрам.

Зрэшты, нельга сказаць, што ўсе яны былі расстраляныя без «віны» перад савецкай уладай. Напрыклад:

«Ваенная Рада арміі, аналізуючы факты ганебных для арміі з’яў – здачы нашых чырвонаармейцаў у палон да немцаў, высветліла, што значная частка тых, якія здаліся, належыць да беларусаў па нацыянальнасці… У арміі маюць месца факты пераходаў да немцаў з гэтай катэгорыі чырвонаармейцаў не толькі паасобку, але ў апошні час ёсць выпадкі, калі гэты пераход робяць арганізавана цэлыя групы», — гаворыцца ў данясенні ў штаб савецкага Заходняга фронту з 30-й арміі 6 верасня 1941 года.

Савецкія вайскоўцы, асабліва з Беларусі, Украіны і краін Балтыі, не надта жадалі абараняць савецкую ўладу, якая заслужыла масавую народную нянавісць. І толькі пасля людзі пабачылі, што нацысты — яшчэ большае зло.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?