Кандыдат у прэм'ер-міністры Латвіі Марыс Кучынскіс паабяцаў партнёрам па магчымай кааліцыі перавесці адукацыю, якая аплочваецца дзяржавай, выключна на латышскую мову.

Марыс Кучынскіс з'яўляецца кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра Латвіі ад палітычнага аб'яднання «Саюз зялёных і сялян» (СЗС), якое ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю. Аказаць падтрымку Кучынскісу абяцае таксама правае нацыяналістычнае аб'яднанне «Нацблок».

Сустаршыня «Нацблока» Райвіс Дзінтарс заявіў журналістам, што ў абмен Кучынскіс гатовы падтрымаць правых палітыкаў па пытаннях адмовы ад прыёму бежанцаў і пераводу рускіх школ на латышскую мову навучання. Праўда, па словах Дзінтарса, у партый разыходзяцца меркаванні адносна тэрмінаў рэалізацыі гэтага праекта. Сам Кучынскіс, у сваю чаргу, запэўніў, што рускамоўным патрэбная палепшаная інтэграцыя.

Па словах старшыні праўлення СЗС Арманда Краўзэ, пытанне пераводу рускіх школ і так ужо даўно знаходзіцца на парадку дня ўрада. «Тут нічога не мяняецца, гэта доўгатэрміновая перспектыва. Канкрэтныя тэрміны мы ставіць не жадаем, прыспешваць падзеі — таксама. Але гэты працэс ужо ідзе. Рускамоўныя ўсё часцей аддаюць дзяцей у латышскія школы», — заявіў ён.

Цяпер у латвійскіх школах нацменшасцяў 60% навучальных прадметаў выкладаецца на дзяржаўнай мове, 40% — на мове нацменшасцяў. Ва ўрадавай дэкларацыі дагэтуль значыўся намер палітыкаў рухацца ў бок перагляду гэтай прапорцыі да 2018 года.

Другім кандыдатам на пасаду прэм'ера з'яўляецца экс-міністр адукацыі і навукі, прадстаўнік партыі «Адзінства» Карліс Шадурскіс, які ў свой час адстойваў школьную рэформу, што прадугледжвае частковы перавод школ нацменшасцяў на дзяржаўную мову.

Кіраўнік урада Латвіі Лаймдота Страўюма абвясціла аб адстаўцы 7 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?