Кампанія «Гарадскі ляснічы» экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» аб'яўляе пра пачатак маніторынгу дрэў на вуліцах і ў парках Мінска, паведаміў актывіст кампаніі, інжынер лесу Ігар Корзун.

Да ўдзелу ў ацэнцы і ўліку дрэў запрашаюцца ўсе неабыякавыя жыхары сталіцы. Спецыяльна для маніторынгу быў распрацаваны бланк уліку пашкоджаных насаджэнняў, які будуць запаўняць валанцёры.

Мэтаў у маніторынгу некалькі, распавёў Корзун. Першае — па выніках праведзенага ўліку дрэў плануецца стварыць анлайн-карту дрэў, паркаў і сквераў сталіцы з апісаннем і гісторыяй кожнага аб'екта, якая будзе апублікаваная на сайце кампаніі «Гарадскі ляснічы».

Акрамя таго, з дапамогай кампаніі і спецыялістаў Інстытута эксперыментальнай батанікі плануецца вырашыць важныя пытанні, напрыклад праблему механічных пашкоджанняў ніжняй частцы ствалоў дрэў, якія растуць уздоўж гарадскіх вуліц і дарог. На думку актывістаў «Гарадскога ляснічага», у 70% выпадкаў пашкоджанне дрэў адбылося па віне супрацоўнікаў дарожных службаў. Пры аўтаматызаванай уборцы снегу або пры перамяшчэнні буйнагабарытнай тэхнікі ствалы насаджэнняў атрымліваюць сур'ёзныя пашкоджанні. Гэта адна з прычын, па якой з кожным годам дрэў становіцца ўсё менш. Адбіваецца і тое, што верхавіны крон абразаюць, пасля чаго чвэрць дрэў часцяком жыве толькі пару гадоў.

«Спецыялісты Інстытута эксперыментальнай батанікі даўно кажуць пра бессэнсоўнасць правядзення гэтай так званай амаладжальнай абрэзкі, а ў большасці еўрапейскіх краін гэта лічыцца варварствам, якое вядзе да скарачэння жыцця дрэва, — падкрэсліў Корзун. — Мы праманіторым усе дрэвы, дзе была праведзеная абрэзка, і з пачаткам перыяду вегетацыі паглядзім, у якім яны знаходзяцца стане, да чаго прывялі гэтыя дзеянні».

Далей кампанія «Гарадскі ляснічы» звяртае ўвагу на адсутнасць інфармацыі аб выжывальнасці і эфектыўнасці кампенсацыйных азеляняльных пасадак. Таксама ёсць праблема пашкоджання каранёвай сістэмы ў выніку рэканструкцыі паркаў і сквераў. У прыватнасці, адзначыў Корзун, дарожкі пракладваюцца без уліку дрэў, якія растуць там, і іх каранёў.

«У гарадской адміністрацыі я адказы на гэтыя пытанні атрымаць не магу — яны паціскаюць плячыма», — адзначыў Корзун.

Пасля завяршэння збору інфармацыі актывісты пададуць свае дадзеныя ў адміністрацыі раёнаў, каб вырашыць праблемы абыходжання з дрэвамі і іх няправільнай абрэзкай, а таксама ў адпаведныя інстытуты і ведамствы Акадэміі навук.

«Адным абурэннем мы не даможамся вынікаў, — лічыць спецыяліст. — Трэба, каб кожны неабыякавы мінчук узяў пасільны ўдзел у жыцці свайго горада і дапамог прааналізаваць гарадское асяроддзе і змяніць стаўленне камунальных службаў да аб'ектаў расліннага свету, а не чакаць літасці ад гарадской адміністрацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?