Актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі прызнаны судом вінаватым у двух адміністрацыйных правапарушэннях і прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 70 базавых велічынь (14 млн 700 тыс. рублёў) шляхам поўнага складання згодна з двума артыкуламі КоАП.

Такое рашэнне вынесла 5 студзеня суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Вінярскі абвінавачваўся на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу года) за ўдзел у студэнцкім маршы 2 снежня 2015 года. Удзельнікі акцыі, нагадаем, патрабавалі ад кіраўніцтва Белдзяржуніверсітэта адмены платных пераздач і адпрацовак, спынення націску на актывістаў студэнцкага руху і стварэння органа рэальнага студэнцкага самакіравання.

Падчас разгляду справы Вінярскага суддзя Мотыль распачала ў дачыненні да яго яшчэ адну справу — на падставе ч. 1 арт. 24 КоАП (непавага да суда).

«Максім даў адвод суддзі Мотыль, бо яна неаднаразова судзіла яго, стаўленне да яго прадузятае. Мотыль адвод адхіліла. Тады Максім адмовіўся ўставаць для давання паказанняў, сказаўшы, што не ўспрымае яе як суддзю. На гэта Мотыль заявіла, што распачынае да Максіма адміністрацыйную справу за непавагу да суда», — напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава.

Максім Вінярскі не адзіны актывіст, якога судзілі 5 студзеня. Сёння суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў да адміністрацыйнага штрафу ў 30 базавых велічынь (6 млн 300 тыс. рублёў) грамадскага актывіста Леаніда Кулакова. Ён прызнаны вінаватым у правядзенні 10 снежня 2015 года несанкцыянаванага пікета з нагоды Міжнароднага дня абароны правоў чалавека.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?