Супрацоўнікамі сталічных падраздзяленняў Следчага камітэта завершана расследаванне шэрагу крымінальных спраў аб незаконным абароце псіхатропаў, паведамляюць у Следчым камітэце.

Першая крымінальная справа была распачата ў дачыненні да двух непрацуючых жыхароў Салігорска. Аднаму з хлопцаў - 23 гады, другому - 21. Маладыя людзі ўваходзілі ў склад арганізаванай групы, якая займалася распаўсюдам псіхатропных рэчываў ў Мінску і некаторых гарадах Мінскай вобласці.

Са жніўня па кастрычнік 2015 года, пражываючы на арандаванай кватэры ў сталіцы, змоўшчыкі атрымлівалі ад арганізатараў групы буйныя партыі псіхатропных рэчываў, дзялілі іх на дробныя порцыі і хавалі ў закладках. У выніку аднаго з хлопцаў затрымалі супрацоўнікі падраздзялення па наркакантролі, калі ён дома займаўся расфасоўкай чарговай партыі. Яго паплечніку ўдалося ўцячы.

Абвінавачаны даў прызнальныя паказанні і паведаміў следчым адрасы зробленых ім закладак. У агульнай складанасці з кватэры, аўтамабіля і схованак канфіскавана больш за 230 г псіхатропных рэчываў у выглядзе парашка і крышталяў. 

Таксама завершана расследаванне аналагічнай крымінальнай справы ў дачыненні да непрацуючага 26-гадовага мінчука.

Зламыснік таксама уваходзіў у склад арганізаванай злачыннай групы і распаўсюджваў свой «тавар» у сталіцы. Восенню мінулага года яго затрымалі пры ажыццяўленні закладак. Пры асабістым даглядзе і ў яго аўтамашыне знайшлі больш за 85 г псіхатропнага рэчыва і 2,5 г марыхуаны. Наркотыкі малады чалавек не толькі збываў, але і ўжываў сам.

Следчымі устаноўлена месцазнаходжанне больш за 500 тайнікоў, з дапамогай якіх абвінавачваны распаўсюджваў забароненыя прэпараты. Некаторыя закладкі размяшчаліся наўпрост на тэрыторыі, прылеглай да дома, у якім жыў наркадылер.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Гандлярам псіхатропамі пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?