«Мінскі кур'ер» апублікаваў новую схему метро, якую для метрапалітэна падрыхтавала Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў на транспарце.

«Асноўныя праблемы арыентавання ў падземцы звязаныя з тым, што станцыі задумваліся рознымі архітэктарамі, кожны з якіх меў сваё ўяўленне аб візуальнай інфармацыі для пасажыраў, — лічыць старшыня праўлення БАЭС Юрый Важнік. — Цяпер прымененая адзіная канцэпцыя да ўсіх станцый, заменены змест паказальнікаў: назвы аб'ектаў напісаныя на беларускай і англійскай мовах».

І кіраўніцтва метрапалітэна ініцыюе новыя рашэнні, якія дазваляюць пасажырам хутка вызначацца, куды ім трэба ісці. Зразумела, што ў пасажыраў, якія прыбываюць і ад'язджаюць, розныя патрэбы. Тым, хто прыехаў на станцыю, трэба ведаць, што размешчана на паверхні. Тым, хто спусціўся ўніз, неабходная іншая інфармацыя — як дабрацца да іншай станцыі, іншага раёна.

З улікам гэтага распрацоўваюцца праекты па дзвюх дзеючых і чатырох праектаваных станцыях метро. Дзеючыя — гэта «Кунцаўшчына» і «Уручча». На кожнай — свае першачарговыя і другарадныя аб'екты прыцягнення пасажыраў.

«Напрыклад, побач са станцыяй «Кунцаўшчына» размешчаныя рынак, універсам, аддзяленне банка, кавярня і іншыя аб'екты, — удакладняе эксперт. — Мы падзялілі іх на абавязковыя (такія як рынак, універсам) і іншыя, якія могуць быць на паказальніках, а могуць і не быць».

Ужо на платформе пасажыр убачыць гэтыя абазначэнні, каб адразу, па выхадзе з цягніка вызначыцца, ісці яму направа або налева. Далей, у пераходах і на паверхні павінны быць сумяшчальныя паказальнікі і схемы, якія дапамогуць дабрацца да патрэбных дома, аб'екта, прыпынку.

Тыя, хто заходзіць на станцыю, убачаць прынцыпова новы варыянт схемы метрапалітэна. У чым яе навізна?

Па-першае, дададзеныя ключавыя аб'екты — мікрараёны, гарадская чыгунка, асноўныя лініі наземнага транспарту, прылеглыя да падземкі, па якіх можна даехаць да мікрараёнаў. Іх умоўныя абазначэнні таксама нанеслі на схему. Цяпер пасажыр бачыць, з якой станцыі з якімі перасадкамі можна дабрацца ў цэнтр, мікрараёны, на вакзалы. Па-другое, зменены дызайн, структураваныя колеры, а замест вертыкальных назваў станцый, нязручных для чытання, зрабілі надпісы пад вуглом 45°.

Таксама на схемы нанясуць і іншую важную інфармацыю: аб'екты сэрвісу, электронныя спасылкі на расклад руху транспарту, рэжым працы і тэлефоны розных службаў метро. Размяшчэнне схем дыктуецца рэальным ці прагназаваным патокам пасажыраў.

На «Кунцаўшчыне» такую схему плануюць размясціць на сценцы пасярод платформы, прычым менавіта з боку лініі, па якой цягнікі ідуць у цэнтр.

На станцыях, дзе няма такіх сценак, можна знайсці іншыя варыянты замацавання схемы — падвесіць, паставіць…

Працуючы над гэтымі задачамі, спецыялісты прапанавалі яшчэ адно рашэнне.

«Калісьці ў Маскве трапіў у непрыемную сітуацыю: не змог сустрэцца з чалавекам, паколькі мы па-рознаму зразумелі выхады з падземкі. Ён чакаў на адным, я на іншым, — успамінае Юрый Важнік. — Гэтая праблема існуе і ў нас. Таму мы ўвялі паняцце выхадаў № 1, 2, 3, 4. Гэтыя чатыры нумары з'явяцца ў далейшым на паказальніках».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?