Фота: прэс-служба фонду Клічко
Студэнт Кіеўскага Нацыянальнага авіяцыйнага ўніверсітэта Антон Галавачанка распрацаваў рабатызаваны экзашкілет UniExo, што дапаможа нармальна рухацца людзям з траўмаванымі ці паралізаванымі канцавінамі, распавядае AIN.UA. Праект ужо атрымаў шэраг украінскіх і міжнародных узнагарод.
Прататып экзашкілета кіруецца праграмай і датчыкамі на целе, фінальная версія будзе выкарыстоўваць нейрашлем. Тэхналогію Антон ужо праверыў на сабе, калі ўдарыў калена, на дзіцяці з паралізаванай пасля інсульту рукой і на ўласнай бабулі, у якой рука аднялася праз узрост.
Экзашкілет дазволіць не толькі рухаць пашкоджанымі канцавінамі, але і рэабілітаваць іх да нармальнага стану. У прыватнасці, рука бабулі пасля тэстаў стала часткова працаваць, атрымалася і распрацаваць руку дзіцяці.
UniExo разлічаны як на карыстальнікаў, здольных самастойна кіраваць экзашкілетам, так і на тых, каму спатрэбяцца адмысловыя праграмы рэабілітацыі. Акрамя таго, прылада мае ультрагукавыя датчыкі, што дапамогуць арыентавацца ў прасторы і папярэджваць аб перашкодзе.
Праект не першы для 21-гадовага Антона: ён займаецца робататэхнікай з 13 год. Першая яго «прафісійная» прылада, робатызаваная платформа для грузаў на складзе, атрымала прыз ад «Intel Украіна» за арыгінальнасць думкі. У яго капілцы праекты робата-пажарнага і інтэлектуальнага электрамабіля. UniExo ён распрацаваў за 10 месяцаў і сабраў за некалькі дзён, запраграмаваў з дапамогай дэкана інстытута аэракасмічных сістэм кіравання і ўласнай матулі. Натхняўся фільмам «Жалезны чалавек».
Па словах распрацоўшчыка, экзашкілет з нейракіраваннем будзе каштаваць 25 тысяч даляраў, што ўдвая танней за падобны расійскі праект «экзаатлета» на кастылях, утрая танней за экзашкілет ReWalk і ў чатыры разы — за EksoBionic. Праект найперш нацэлены на медыцынскае ўжыванне, але можа зацікавіць і вайскоўцаў. На сёння Антон бярэ ўдзел у конкурсах для стартапаў і шукае фінансаванне на тое, каб зрабіць UniExo даступны кожнаму з мільярда людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату.





