Кіроўцу, які 10 жніўня спрабаваў уцячы ад пераследу на МКАД, абвінавачваюць у распаўсюдзе псіхатропных рэчываў. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў.

sk.gov.by

sk.gov.by

20-гадовы хлопец на Hоnda не падпарадкаваўся патрабаванню супрацоўнікаў ДАІ спыніцца і спрабаваў уцячы. Пераслед скончыўся, калі парушальнікі ў раёне вуліцы Сасновы Бор выехалі за межы праезнай часткі. Міліцыя затрымала чацвярых хлопцаў, аднаму ўдалося збегчы.

У салоне машыны праваахоўнікі знайшлі белы парашок і рэчыва расліннага паходжання зялёнага колеру. Экспертыза паказала, што гэта былі псіхатропныя рэчывы і гашыш.

Пазней высветлілася, што ўсе затрыманыя знаходзіліся пад уздзеяннем наркотыкаў. Напярэдадні паездкі яны ўжылі забароненыя прэпараты, а парашком іх пачаставаў кіроўца Honda, гашышам — прыяцель, які ўцёк.

Асоба апошняга ўстаноўленая — гэта раней судзімы за незаконны абарот наркатычных сродкаў мінчук, які рэгулярна сам іх ужывае.

Падчас ператрусу ў кватэры аўтаўладальніка аператыўнікі знайшлі яшчэ каля 40 грамаў парашкападобнага псіхатропнага рэчыва. Акрамя таго, было выяўлена месцазнаходжанне некалькіх схованак, праз якія падазраваны распаўсюджваў забароненыя рэчывы. Маладому чалавеку прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу — незаконны абарот псіхатропных рэчываў з мэтай збыту.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна