Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч у інтэрв'ю БелаПАН абвергла заяву старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна аб тым, што яе ініцыятыўная група не сабрала неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў. 

«Калі Караткевіч працягне ўдзел у выбарах і яе зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты, гэта будзе сведчыць, што яе каманда пайшла на здзелку з уладамі», — заявіў Калякін 21 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Калякін таксама паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала ўсяго 64 тысячы подпісаў, у сувязі з чым вырашыла не здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі. 

«Складана тлумачыць паводзіны іншага чалавека, — сказала Караткевіч. — Мы з самага пачатку падпісной кампаніі абмяняліся подпісамі з Сяргеем Іванавічам, задэкларавалі публічна і нефармальна, што мы адзін аднаго паважаем і жадаем поспеху». 

Паводле яе слоў, і Сяргей Калякін, і лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (які таксама не змог сабраць 100 тысяч подпісаў) правялі «вельмі добрыя кампаніі». «Калі б яны аб'ядналіся і ад альянсу «Талака» вылучылі аднаго кандыдата, у іх, хутчэй за ўсё, была б магчымасць назбіраць 100 тысяч подпісаў», — лічыць прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. 

Караткевіч адзначыла, што ёсць некалькі фактараў, якія забяспечылі паспяховы збор подпісаў яе ініцыятыўнай групай. «Па-першае, мы пачалі працаваць разам унутры дэмакратычнай супольнасці чатырма арганізацыямі за два гады да выбараў. Тыя ідэі, з якімі мы ідзём, сёння прымаюцца грамадзянамі ў грамадстве. Па-другое, у нас самая вялікая ініцыятыўная група з усіх дэмакратычных кандыдатаў. У яе ўвайшлі прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду», Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама асобныя актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Яшчэ адзін фактар — гэта новыя людзі. Прыкладна 300 чалавек прыйшло праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, і яны былі аднымі з самых актыўных», — растлумачыла палітык. 

«І самае галоўнае, у мяне сёння дагавор з людзьмі, якія прыходзяць на пікеты, сустракаюцца са мной спецыяльна, сочаць па сацыяльных сетках, перазвоньваюцца, нясуць пазітыў, ставяць подпісы і спадзяюцца, што 11 кастрычніка ў іх на выбарах будзе альтэрнатыва», — падкрэсліла Таццяна Караткевіч. 

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў завяршаецца сёння, 21 жніўня. Да 19.00 сабраныя подпісы павінны быць здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. 

Пятыя выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?