Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» паведаміў, што ягоная ініцыятыўная група не будзе здаваць сабраныя подпісы ў Цэнтрвыбаркам.

«Дакладную лічбу магу назваць толькі ў панядзелак. Цяпер ідзе звядзенне канчатковых лічбаў», — кажа Лябедзька.

Старшыня АГП шкадуе толькі аб тым, што страціць магчымасць выступіць на дзяржаўным тэлебачанні. «Па ўсіх іншых пунктах праца будзе працягвацца ў такім самым рэжыме. Мы будзем ставіць пікеты, піярыць праграму «Мільён новых рабочых месцаў». Магчыма, пачнем збор подпісаў за адстаўку ўрада і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай».

Лябедзька ставіць пад сумнеў, што патрэбную колькасць подпісаў сабраў нават Аляксандр Лукашэнка. «Нашы пікеты знаходзіліся побач. За Лукашэнку падпісвалася ў 5—6 разоў меней. Магчыма, ён змог сабраць 200 тысяч пашпартоў, але ніяк 100 тысяч подпісаў».

Раней пра выхад з кампаніі заявіў кіраўнік Партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. 

Такім чынам, у кампаніі застаецца толькі Таццяна Караткевіч. Яна выйшла з апазіцыйных структур, але на выбары ідзе, не крытыкуючы Аляксандра Лукашэнкі.

Падтрымліваць кагосьці з кандыдатаў, што маюць намер заставацца ў выбарах Лябедзька не плануе.

Калякін заявіў, што не верыць, што Караткевіч удалося назбіраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць супраць усіх.

Упершыню прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць, фактычна, без адкрытай крытыкі прэзідэнта. Раней такія выбары мелі месца толькі ў Казахстане і краінах Цэнтральнай Азіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?