Калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда Беларусі 21 жніўня прыняла рашэнне прызнаць ЗАТ «Дэльта Банк» банкрутам і адкрыць у дачыненні да яго ліквідацыйную вытворчасць, якая павінна быць завершаная да 21 снежня 2016 года. Да 1 верасня 2015 года суду павінна быць пададзенае заключэнне аб адсутнасці несапраўднага або наўмыснага банкруцтва. 

Як паведаміў суду намеснік генеральнага дырэктара Агенцтва па гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў фізічных асоб — кіраўніка ў справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці ЗАТ «Дэльта Банк» Аляксандр Пядзько, агульная сума патрабаванняў, выстаўленых банку, складае 2,7 трлн. рублёў у пераводзе на нацыянальную валюту, у тым ліку 1,6 трлн. — пазачарговыя патрабаванні. 

Актывы банка ацэньваюцца ў 1,9 трлн. рублёў, рухомая і нерухомая маёмасць — у 177 млрд. 

Пядзько паведаміў, што ў сувязі з дазволам Нацбанка набываць валюту «Дэльта Банк» робіць гэта невялікімі траншамі праз банк «Масква-Мінск» і на сёння ўжо набыў 30,5 млн. долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на пагашэнне валютнай завінавачанасці. У Нацбанку знаходзіцца 157 млрд. рублёў «Дэльта Банка», больш за 6 млн. еўра, 32 млн. долараў і 55 млн. расійскіх рублёў. 

Пядзько выказаў меркаванне, што ліквідацыя банка пры выкананні ім усіх сваіх абавязацельстваў магчымая і раней за прызначаны судом тэрмін. Асноўная хваля звальненняў плануецца на кастрычнік-лістапад гэтага года. 

Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у ЗАТ «Дэльта Банк» часовую адміністрацыі па яго кіраванні 12 сакавіка 2015 года. Гэтая мера была прынятая на падставе аналізу паказчыкаў бягучай дзейнасці банкаўскай установы на фоне негатыўных падзей, што адбываюцца ў АТ «Дэльта Банк» (Украіна), у тым ліку звязаных з прызнаннем яго неплацежаздольным. 18 сакавіка Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў «Дэльта Банка» з-за невыканання ім патрабавання па велічыні нарматыўнага капіталу. Таксама Нацбанк паставіў «Дэльта Банку» ў віну стварэнне «фінансавага становішча, якое пацягнула невыкананне банкам сваіх абавязацельстваў перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?