Пра гэта былы лідар «Гавары праўду» і кандыдат на выбарах-2010 Уладзімір Някляеў заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

«Таццяна Караткевіч будзе зарэгістраваная. Хаця б таму, што гэта рэжыму трэба. І наўрад ці яна будзе падтрыманая астатняй апазіцыяй. Значыць, яе будуць цкаваць. Хоць яна не горшая з усіх кандыдатаў. У яе ёсць перавагі перад астатнімі: яны ў яе натуральнасці. Але як толькі яна робіць ненатуральныя жэсты ці прамаўляе неўласцівыя ёй словы, адразу ўсё губляецца. Напрыклад, калі глыбакадумна заяўляе, што вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча пазбаўленае прагматызму.

Але ёсць небяспека, значна большая за нелаяльнасць апазіцыі. Лаяльнасць улады.

Вельмі імаверна, што ў фінале Таццяну, як тую піянерачку, выведуць на сцэну ў белым фартушку з чырвоным гальштучкам і змусяць павіншаваць старшага піянерважатага з перамогай. Я ўпэўнены, што сама яна такога і думаць не думае, але я ведаю, што думаюць іншыя. І ведаю, якія ў іх ёсць метады пераканання. Не ў апошнюю чаргу яшчэ і з гэтай прычыны я прапаноўваў ёй з выбараў зняцца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна