Барысаўскі БАТЭ правёў першы матч раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў супраць сербскага «Партызана». На кону вялікі куш: пераможца пары выходзіць у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, а таксама атрымлівае саліднае грашовае ўзнагароджанне.

Увогуле, да гэтага года БАТЭ чатыры разы гуляў у раўндзе плэй-оф і кожны раз здабываў перамогу. Па чарзе былі абыграныя «Леўскі», «Штурм», «Макабі» і «Слован».

Сербскі «Партызан» — гэта гучная шыльда. Але за апошнія гады ад сербскага футбола ў гульнявым плане засталося нямнога. Сербія, напрыклад, у зводнай табліцы каэфіцыентаў УЕФА знаходзіцца нашмат ніжэй за Беларусь.

Што добрага ёсць у «Партызана», дык гэта фанацкая падтрымка. Фанаты каманды называюцца «Грабары», гэта значыць «магільшчыкі», «далакопы». У Беларусь прыехала некалькі соцень сербаў, а яшчэ з Масквы падтрымаць сяброў адправіліся фаны ЦСКА. Магчыма, менавіта з гэтым звязана праверка пашпартоў у заўзятараў перад гульнёй, каб на трыбуны не трапілі найбольш радыкальныя ультрас ЦСКА і «Партызана».

Увогуле, фанам «Партызана» варта выказаць рэспект, заўзелі яны за сваю каманду гучна і самааддана. Цяжка ўявіць, што будзе праз тыдзень у Бялградзе. Барысаўцы стараліся не адставаць.

Што тычыцца гульнявых момантаў, тут кампліментаў на адрас «Партызана» выказаць можна значна меней. Абодва моманты ля нашых варот узнікалі не пасля тэхнічных камбінацый атакі, а пасля абрэзак барысаўскай абароны. На шчасце, кожны раз пераможцам выходзіў брамнік Сяргей Чэрнік.

Істотным фактарам, які паўплываў на хаду гульні, стала выдаленне паўабаронцы Марка Еўтавіча пры канцы першага тайма. Спачатку Еўтавіч адштурхнуў Аляксандра Глеба, а пасля ў барцоўскім стылі прыняў Віталя Радзівонава. Шатландскі рэферы Томсан не вагаўся з пакараннем.

БАТЭ выйшаў на матч зараджаны на вынік. Асабліва гэта адчувалася ў дзеяннях Віталя Радзівонава. Наш нападаючы гарэў жаданнем нарэшце забіць свой першы мяч у гэтым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. Радзівонаў двойчы добра біў галавой, але перайграць брамніка Жыўка Жыўкавіча не ўдавалася.

Было ўражанне, што за першыя 20 хвілін гульні БАТЭ стварыў момантаў не менш, чым за цэлую гульню з мінскім «Дынама» тыднёвай даўніны.

У другім тайме БАТЭ цалкам дамінаваў на полі. Былі адрэзкі, калі барысаўцы не дапускалі суперніка на сваю палову поля на працягу пяці і больш хвілін. Трэнер Аляксандр Ермаковіч рызыкнуў, выпусціўшы ў гульню другога нападаючага Мікалая Сігневіча замест апорніка Яўгена Яблонскага.

Гол быў забіты на 75-й хвіліне з кутняга. Галявую перадачу аддаў Ігар Стасевіч, які толькі залячыў траўму, а адзначыўся Міхаіл Гардзяйчук. Прычым забіў беларус у нетрадыцыйнай для сябе манеры — галавой. Сербы пакінулі Гардзейчука абсалютна аднаго, шанцаў не было — 1:0.

У канцы гульні «Партызан» дзякуючы даволі спрэчным штрафным, якія гульцы літаральна выпрошвалі ў арбітра, стварыў пэўную небяспеку і трывогу, але на выніковы лік гэта ўсё ж не паўплывала. БАТЭ атрымлівае перамогу з любімым для сябе сёлета лікам 1:0.

Гульня ў адказ адбудзецца ў Бялградзе 26 жніўня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?