У Мінску зафіксавана максімальная тэмпература за ўвесь час метэаралагічных назіранняў.

Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Сёння ў Мінску быў пабіты чарговы тэмпературны рэкорд, была зафіксавана максімальная тэмпература ў сталіцы за ўвесь час метэаралагічных назіранняў - 35,8 градусаў цяпла», - адзначылі ў Гідрамеце.

Ранейшы рэкорд складаў 35,6 градусаў вышэй за нуль і быў адзначаны ў мінулым годзе.

Акрамя таго, 8 жніўня быў зафіксаваны шэраг тэмпературных рэкордаў месяца. Так, у Вілейцы слупок тэрмометра падняўся да 35,4 градусаў вышэй за нуль, тады як ранейшы рэкорд жніўня тут быў адзначаны ў 1992 годзе і склаў тады 34,7 градуса цяпла. Валожын паўтарыў свой жнівеньскі рэкорд 1992 - плюс 34,4 градуса.

У Гродзенскай вобласці свой рэкорд месяца пабілі Ашмяны, дзе сёння зафіксавалі 34,2 градуса цяпла (ранейшы максімум - плюс 34 ў 1963 годзе). У Ваўкавыску сёння было 35,3 градуса вышэй за нуль, такая ж рэкордная тэмпература была адзначана тут і ў 1992 годзе.

Сярод гарадоў Брэсцкай вобласці тэмпературным рэкордам сёння вызначыліся Пружаны - 35,2 градуса цяпла супраць 34,9 градусаў у 1992 годзе.

На Магілёўшчыне жнівеньскі рэкорд быў пабіты ў Слаўгарадзе - 35,3 градуса вышэй за нуль супраць 34,8 градуса цяпла ў 1992 годзе. Па словах сіноптыкаў, сярэднесуткавая тэмпература паветра ў гэтыя дні ў цэлым па рэспубліцы перавышае кліматычную норму на 5-10 градусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?