У гэтым годзе самы атмасферны і душэўны фестываль лета пройдзе 8-га жніўня на зялёным лузе насупраць Мірскага Замка. Арганізатары ўжо аб’явілі поўны спіс музыкаў, якія выступяць на фэсце.

Леташні фестываль. Фота Антона Матолькі

Леташні фестываль. Фота Антона Матолькі

«Разыначкай» фестывалю будзе праект ONUKA. Украінскі электра-фолк гурт, які стаў самым яркім і паспяховым адкрыццем на ўкраінскай сцэне ў 2014 годзе.

ONUKA. Фота concert.ua

ONUKA. Фота concert.ua

Продажы і рэйтынг іх дэбютнага альбома ў iTunes апярэдзілі групу «Акіян Эльзы». ONUKA — гэта неверагодны сінтэз электронікі і фолку.

Яшчэ адзін госць з Украіны — гэта DaKooka. Таленавітая вакалістка, аўтар і выканаўца, піаністка і dj. Яе творчасць – гэта сінтэз розных музыкальных кірункаў: trip-hop, experimental, indie, pop, drum’n’bass. Нядаўна DaKooka выпусціла свой дэбютны альбом «Radha» і прэзентуе яго разам з DaKooka live band. Іх жывыя выступы — гэта заўседы шоў, якое уражвае да глыбіні душы, таму прапускаць такое не рэкамендуем.

На фэсце зноў выступяць Ніно Катамадзэ & Insight. У гэтым годзе яны прэзентуюць асаблівую праграму, таму што выступяць у суправаджэнні струннага квартэту «N».

Ніно Катамадзэ. Фота nino-katamadze.com

Ніно Катамадзэ. Фота nino-katamadze.com

Вельмі цікавы расійскі гурт «НААДЯ» таксама прыедзе на Mirum. Гурт называюць самай прыкметнай з’явай на незалежнай сцэне Расіі за апошнія гады.

Беларусь прадставяць Shuma — вельмі цікавы музыкальны праект, унікальны для беларускай сцэны. Дарэчы, 13 ліпеня яны выпусцілі дэбютны альбом «žnivo», які спалучыў у сабе народныя песні і сучасную еўрапейскую электронную музыку.

Гурт Shuma

Гурт Shuma

За драйв на фестывалі будуць адказваць Нагуаль — шаманскія рок’н’рольшчыкі, этнічныя сюррэалісты і просто музыкі, якія выпрацоўваюць тонны энергіі. Нас чакае новы праект Таццяны Гарошка (aka Tanin Jazz) — Take the Cookies з арыгінальным матэрыялам у стылі ню-дыска, слоў-дыска і інды ў спалучэнні з прыгожымі тэкстамі Алены Аракелян. І яшчэ адзін гурт, які будзе радаваць нас на фестывалі — гэта Dzierzynski bitz. Украінскі калектыў, які паспяхова спалучае ў сваей творчасці рамантыку, лоск сучаснага нью-вейву, джазавыя акорды і надзвычайны шарм вінтажнага гуку.

У гэтым годзе прадугледжана арганізацыя бас-тураў з чатырох гарадоў: Брэста, Гродна, Гомеля і Менска. Госці з іншых гарадоў змогуць даехаць з Менску на маршрутных таксі, а таксама на электрычцы. На фестывалі будзе прадугледжана зона фуд-корта. Ужо вядома, што ўдзельнікамі фуд-корту будуць штукарская пякарня і цукерня «Жорны», фалафелі «ележжеле», чыпсы, зробленыя па тэхналогіі «спіральная картошка», традыцыйня мірския «Dranik-on-the-go»яшчэ шмат усялякай найсмачнейшай ежы і напіткаў. Арганізатары абяцаюць, што галодным фестываль не пакіне нікога. Застацца на ноч госці змогуць у адной з трох аграсядзібаў і, як і летась, будзе прапанавана спецыяльная тэрыторыя пад намётавы гарадок.

Намёты на Mirum'14. Фота Антона Матолькі

Намёты на Mirum'14. Фота Антона Матолькі

Квіткі на фестываль можна купіць на сайце і ў касах kvitki.by па ўсёй Беларусі. Больш інфарма цыі пра фестываль вы можаце знайсці на афіцыяльным сайце фестывалю mirummusicfestival.by, а таксама ў афіцыяльных суполках фестывалю ў facebook і вконтакте.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна