На сустрэчы з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне пабываць ва ўрочышчы Курапаты, дзе адбываліся расстрэлы ахвяр сталінскіх рэпрэсій у 1930-я гады.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«У Курапатах я бываю практычна кожны дзень, праяжджаю міма. І ўсё думаю: навошта вы гэтыя крыжы проста да дарогі выставілі? Усё ж такі трэба іх трошкі аднесці. Таму што прыбраць іх — напэўна, гэта будзе няправільна. Хоць відавочна гэта нейкая палітычная дэманстрацыя. На самым месцы я ні разу не быў, але планую туды пайсці. Я хачу там усё-ткі сам пабыць (ну, гэта не публічна), узяць інфармацыю, дэпалітызаваць (я ўжо даручыў, каб мне далі). Мне якая розніца? Мне, прэзыдэнту, які не вінаваты ні ў чым, ні ў сталінізме, ні ў фашызме, разабрацца — хто каго там расстрэльваў. Наколькі гэта магчыма. Я гэта зраблю. Мне дапамогуць гэта зрабіць аб’ектыўна. І я хачу там пабыць. Пара паставіць там кропку. Праяжджаючы міма, я заўсёды пра гэта думаю», — цытуе Лукашэнку Радыё «Свабода».

Мы папрасілі пракаментаваць словы Лукашэнкі колішняга старшыню «Маладога фронта» Паўла Севярынца, аднаго з удзельнікаў абароны Курапатаў у 2001 годзе, калі праз урочышча планавалі пракласці кальцавую дарогу.

«Чалавек ужо дваццаць гадоў лічыць сябе прэзідэнтам Беларусі, але не з’ездзіў туды, не разабраўся, — гэта недаравальна. Я думаю, што візіт Лукашэнкі ў Курапаты магчымы толькі з пакаяннем. Гэта чалавек, які вёў сапраўдную вайну з людзьмі, што абаранялі Курапаты (я не веру, што гэта рабілася без яго ведама). Толькі пасля пакаяння можна гаварыць з Лукашэнкам пра Курапаты. Гэта адна з тых балявых кропак, дзе ўсё гранічна ясна.

Ясна, што такія словы гучаць для выбараў. І пра беларускую мову, якая за дваццаць гадоў амаль дабітая, і пра Курапаты. Дзякуй Богу, што дайшло да такіх размоваў. Але выглядае гэта ўсё не надта прывабна».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?