Расійская грамадская дзяячка Марыя Гайдар і расійскі журналіст, былы галоўны рэдактар Forbes-Украіна Уладзімір Фядорын атрымалі ўкраінскае грамадзянства.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ і ўручыў ім пашпарты грамадзян Украіны, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

AP

AP

«Ваш прыклад пераканаўча дэманструе, што маўчаць нельга, трэба жыць у згодзе са сваім сумленнем», — сказаў прэзідэнт Украіны новым суайчыннікам. Падчас уручэння пашпартоў Парашэнка сказаў, што многія расейцы, якія разумеюць рэальнае становішча рэчаў, робяць выбар: «альбо ты застаешся са свабодным светам, дэмакратыяй і робіш усё, каб забяспечыць перамогу свабоды і дэмакратыі, альбо маўчыш — і пры гэтай маўклівай згодзе чыняцца вельмі цяжкія злачынствы».

Парашэнка таксама заявіў, што максімум, што яны могуць сёння зрабіць для Расіі, — «гэта забяспечыць поспех Украіны».

Толькі пры гэтых умовах можна будзе аднавіць адносіны паміж свабоднай Украінай і свабоднай Расіяй, лічыць Парашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў Марыі Гайдар, Уладзіміру Фядорыну і ўсім расейцам, якія знаходзяць у сабе мужнасць выказваць нязгоду з дзеяннямі кіруючага ў Расіі рэжыму, за іх актыўную смелую грамадзянскую пазіцыю.

Прэзідэнт пажадаў новым грамадзянам Украіны не губляць сувязі з Расіяй. «Ваша незаангажаваная пазіцыя, меркаванне і інфармацыя з Украіны як альтэрнатыва крамлёўскай прапагандзе вельмі важная для мільёнаў расейцаў», — сказаў Парашэнка.

Уладзімір Фядорын пра сваё новае грамадзянства сказаў: «Гэта вялікі гонар і знак вялікага даверу з боку народа Украіны і прэзідэнта Украіны, і, магчыма, самае адказнае рашэнне ў маім жыцці».

Ён назваў Украіну флагманам свабоды і нармалізацыі на постсавецкай прасторы, «які дае надзею народам былога СССР стаць сябрамі сусветнай сям'і вольных народаў», цытуе журналіста прэс-служба прэзідэнта.

Па словах Фядорына, для яго важны непасрэдны ўдзел у гэтым працэсе.

АР

АР

І Марыя Гайдар, якая ў Расіі была актыўным удзельнікам грамадскага і апазіцыйнага руху, заявіла, што для яе грамадзянства Украіны — вельмі знакавы выбар:

«Я тут у цяжкі для Украіны час для таго, каб падзяліць лёс украінскага народа. У нас агульны вораг — аўтарытарны рэжым, які забівае людзей як у Расіі, так і тут», — заявіла яна.

Гайдар таксама запэўніла, што зробіць усё магчымае, «каб гэтага ворага перамагчы і паказаць іншы шлях — шлях свабоды і дэмакратыі, павагі, партнёрства і добрасуседства».

Яна папрасіла прабачэння за тое, што адбываецца цяпер у Расіі, і выказала надзею, што «Украіна ўбачыць, што расейцы — гэта не толькі вайна, агрэсія і нянавісць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?