Фота: Zhen Ma
Даследчыкі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі (ЗША) склалі са ствалавых клетак механізм, што імітуе скарачэнні сардэчнай цягліцы. Пра мікраскапічнае сэрца яны распавялі ў часопісе Nature Communications.
Штучнае сэрца мае дыяметр усяго паўміліметра. У ім змясцілася камера, як у шлуначку сапраўднага сэрца. І як у сапраўднага сэрца, у яго назіралася негатыўная рэакцыя на снатворнае «Талідамід».
Праз хімічныя сігналы навукоўцы «скамандавалі» ствалавым клеткам утвараць розныя клеткі сэрца, у тым ліку клеткі сардэчнай цягліцы — кардыяміяцыты. Праз пэўны час клеткі пачалі фармаваць аб’ёмную структуру з цяглічнай тканкай усярэдзіне і злучальнай тканкай звонку.
Хоць гэта не першае «сэрца ў прабірцы», яно ўнікальнае тым, што клеткі адрэагавалі на сігналы, што прывялі да дыферэнцыяцыі клетак — орган «вырас самастойна», клеткі самі зарганізаваліся ў механізм.
«Наша мадэль — гэта першы крок да пабудовы сэрца праз самаарганізацыю клетак без дапамогі знешніх трохвымяровых рыштаванняў», — кажа кіраўнік даследчыкаў Жэн Ма. Цяпер мэта навукоўцаў — стварэнне сэрца ўжо не ў мініятуры, а ў маштабе 1:1.
Але і «мікрасэрца» можа выкарыстоўвацца для тэстаў лекаў. Першы тэст навукоўцы ўжо правялі: ад увядзення снатворнага «Талідамід» у працы сэрца пачаліся парушэнні, яго развіццё парушылася (такое снатворнае нельга прымаць цяжарным, яно прыводзіць да парушэнняў развіцця дзіцяці).





