26 чэрвеня Гомельскі абласны суд вынес пастанову па крымінальнай справе ў дачыненні да падлетка, які 28 лістапада 2014 года ў Жыткавічах забіў сваю маці. На момант забойства хлопцу было 16 гадоў, ён вучыўся ў 11-м класе. 

Як паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда, па рашэнні суда да абвінавачванага прымененыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Ён будзе змешчаны ў стацыянар псіхіятрычнай бальніцы са строгім назіраннем на тэрмін, які вызначаць урачы. Комплексная псіхіятрычная экспертыза паказала, што падлетак пакутуе на псіхічнае захворванне і ўяўляе асаблівую небяспеку для грамадства, таму мае патрэбу ў бальнічным утрыманні і лячэнні. 

Нагадаем, 28 лістапада ў Жыткавічах падлетак нанёс сваёй маці шматлікія ўдары нажом, ад атрыманых ран жанчына памерла на месцы. 

Цела 39-гадовай жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшоў у кватэры яе муж, які і звярнуўся ў міліцыю. Па гарачых слядах быў затрыманы сын забітай, вучань 11-га класа. 

Устаноўлена, што 28 лістапада ў 15.30 школьнік падчас сваркі з маці нанёс ёй не менш як пяць удараў кухоннай сякерай у галаву, а затым не менш як 10 удараў нажом у грудзі і ў жывот. 

Падлетак прызнаўся ў тым, што зрабіў, растлумачыў забойства крыўдай на маці. У дзень трагедыі яна дакарала сына за тое, што замест вучобы ён часта сядзіць за камп'ютарам і ў яго няма сяброў. Хлопец раззлаваўся і разбіў талерку аб сцяну, у адказ жанчына прыгразіла, што пазвоніць бацьку, і пайшла глядзець тэлевізар. Хутка ў пакой следам за маці ўвайшоў сын, які пачаў наносіць ёй удары кухоннай сякерай. Жанчына закрывалася рукамі і прасіла не чапаць яе. А калі выпаўзла, акрываўленая, у калідор, падлетак дабіў яе кухонным нажом. 

Ён адзінае дзіця ў сям'і. У дзень гібелі яго маці, якая працавала медсястрой, была на бальнічным. Бацька працуе ў лясной гаспадарцы. 

На ўліку хлопец не знаходзіўся, у школе яго характарызавалі станоўча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?