Фота з сайта buzzfeed.com
На нарадзе Мінгарвыканкама па пытаннях навядзення парадку ў прыватным сектары сталіцы было паднятае пытанне забароны ўтрымання сельскагаспадарчых жывёл, перадае «Мінск-Навіны».
Змены ў правілы ўтрымання тэрыторый Мінска, што прадугледжвалі б забарону ўтрымання кароў, курэй і іншых сельскагаспадарчых жывёл, пакуль толькі разглядаюцца, канчатковае вырашэнне не прынятае.
На нарадзе было прынятае рашэнне да 10 ліпеня замацаваць усе землі супольнага выкарыстання ў прыватным сектары за арганізацыямі абслугоўвання дзеля навядзення парадку. Раённым адміністрацыям даручана вызначыць арганізацыю, што правядзе тэндар па прызначэнні аператара па вывазе смецця.
Кварталы прыватнай забудовы будуць рэгулярна абследаваць камісіі, у склад якіх войдуць прадстаўнікі санслужбы, землеўпарадкавальнай службы, РАУС, эколагі, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.
У новым генплане Мінску прынята не зносіць прыватны сектар цалкам. Але сектары, што знаходзяцца ўздоўж асноўных вуліц, плануюцца да зносу дзеля «надання сталічнага аблічча гэтым тэрыторыям». Зносіцца будуць і дамы, што замінаюць будаўніцтву новых дарог і станцый метро.





