Пляж у гатэлі Суса пасля атакі. Цела забітага размыта.
Цэлую серыю тэрактаў правялі сёння ва ўсім свеце ісламскія тэрарысты.
Драматычныя падзеі разгарнуліся на туніскім курорце Сус. Тэрарысты з аўтаматамі напалі тут на два поўныя турыстаў гатэлі. Яны расстралялі 37 чалавек, яшчэ каля 36 параненыя, дадзеныя працягваюць паступаць. Сярод ахвяраў пераважна брытанцы, немцы і тунісцы.
Сілам бяспекі ўдалося знішчыць у перастрэлцы аднаго з тэрарыстаў.
Паводле тэлеканала «Аль-Джазіра», у выніку тэракту ў Кувейце памерлі як мінімум 24 чалавекі.
У сваю чаргу спадарожнікавы тэлеканал «Аль-Хадас» ацэньвае колькасць загінулых у 25 чалавек. Паводле апошніх звестак, паранена 202.
Адказнасць за напад узялі на сябе баевікі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».
Выбух у мячэці Эль-Кувейта адбыўся 26 чэрвеня ў момант пятнічнай малітвы. Выбуховае прыстасаванне прывёў у дзеянне тэрарыст-смяротнік. Для багатага нафтай эмірата падобны напад з'яўляецца першым у такім родзе.
Таксама ў выніку нападу ісламістаў у Самалі загінулі не менш за 30 чалавек.
Колькасць загінулых у выніку нападу баевікоў групоўкі «Аш-Шабаб» на базу кантынгенту Афрыканскага саюза ў самалійскім горадзе Лега склала не менш за 30.
Па ўдакладненых дадзеных, тэрарыст-смяротнік накіраваў у вароты базы начынены выбухоўкай аўтамабіль, пасля чаго паміж яго саўдзельнікамі і вайскоўцамі завязалася перастрэлка.
Сёння раней стала таксама вядома пра напад ісламіста на завод у Францыі, дзе загінулі два чалавекі.
Самы ж страшны вынік даў напад Ісламскай Дзяржавы на курдскі горад Кабані на поўначы Сірыі. У горадзе і суседніх вёсках загінула 146 чалавек.





