Сёння 22 чэрвеня, панядзелак.

Нават дзіўна, што панядзелак.

У маі тэлефанавала Наташа з Яўрэйскага абшчыннага дома, яго яшчэ называюць Хэсед.

Я не знаёмы з Наташай. Маладым прыгожым голасам яна спытала, ці няма сярод маіх сваякоў ахвяр Халакосту – Яд Вашэм, ізраільскі мемарыял Халакосту, усё яшчэ збірае прозвішчы і імёны. Я адказаў, што маім сваякам, то бок і мне, пашанцавала – ахвяр Халакосту сярод іх няма.

Праз тыдзень Наташа тэлефанавала ізноў і спытала, ці не загінуў хто з маіх сваякоў на вайне. Я адказаў, што загінула Вера, стрыечная сястра, але яна не яўрэйка. Наташа памаўчала, а потым папрасіла распавесці пра Веру падрабязней. Я зразумеў, што яна запісвае, і пачаў апавядаць павольна. Назваў дзявочае прозвішча Веры – Міснік, яе мужа Апанаса Макарэвіча.

Вера Міснік.

Вера Міснік.

Да вайны яны абодва былі маладымі настаўнікамі ў Сямёнавічах, што непадалёк ад Узды. Апанас адразу пайшоў на фронт, а Вера з двухгадовай дачушкай Святланай засталася. Гестапа ўзяло яе літаральна за тыдзень да вызвалення, потым яе, люта збітую, бачылі ў двары ўздзенскай турмы, потым бачылі, як на яе нацкавалі сабак, якія разарвалі на ёй цела, потым — раскрыжаванай на сцяне хлява… Потым ужо ніхто яе не бачыў. Нідзе і ніколі…

Засталася фотакартка са студэнцкага білета Мінскага педвучылішча. З гэтай фотакарткі потым зрабілі вялікую, яна доўга вісела ў музеі Айчыннай вайны побач з аднайменным ордэнам, каторым Веру пасмяротна ўзнагародзілі за тое, за што гестапа закатавала – за сувязь з партызанамі. Яна і была сувязной.

Дачку Святлану выгадавала бабуля Вольга, мая цётка. Святлана скончыла школу з сярэбраным медалём, хаця магчымы быў і залаты. Каб не нямецкая мова. Яна ненавідзела гэтую мову, адмаўлялася яе вучыць, нават сышла з адной школы ў іншую – так урэзалася тая «варожая мова» ў дзіцячы слых і памяць арыштам і гібеллю маці…

Яны ўжо пакінулі гэты свет – бабуля Вольга і Святлана. Памёр і Апанас. Пасля вайны вярнуўся ў Сямёнавічы, ізноў ажаніўся, ізноў настаўнічаў, разводзіў пчол. Усе мы — сваякі Веры, Апанас, ягоныя новыя жонка і дзеці сябравалі, Апанас, калі наведваўся ў Мінск, прывозіў рыбу і мёд…

Наташа ўсё гэта цярпліва выслухала, тое-сёе ўдакладніла, а праз тыдзень пазваніла ізноў: не ўспомніў ці я, хто яшчэ з маіх сваякоў загінуў на вайне? Ёй, мусіць, здавалася, што загінулых сваякоў павінна быць болей.

Я падумаў пра Мікалая, сына цёткі Надзеі, сярэдняй матулінай сястры. Я запомніў яго першае з’яўленне ў нашым доме, у 1945 годзе, калі ён вяртаўся з войска, дзе ваяваў танкістам і нават у танку гарэў. Запомніў, мусіць, таму, што ён узяў ліст паперы і намаляваў прыгожы імклівы танк з зоркай, а потым як гэты танк гарыць…

Танкіст Мікалай.

Танкіст Мікалай.

Я ніколі не распытваў яго пра вайну, хаця амаль кожную восень ён прыязджаў з Баку, дзе ўсё пасляваеннае жыццё працаваў пажарным на здабычы нафты, пабачыцца з матуляй і з’ездзіць пад Стоўбцы, у Коласаўскі лес у грыбы, мінчукі добра ведаюць гэты знакаміты грыбны лес…

У 1992 годзе Мікалай павесіўся. Жонка напісала, што ён не вытрымаў распаду СССР…

Не, вядома, я не стаў распавядаць Наташы пра Мікалая, ён жа не загінуў на вайне, толькі гарэў…

«Не ўспомніце?» — яна паўтарыла пытанне.

І я ўспомніў.

Я ўспомніў цёмны сыры паўпадвал на вуліцы Мяснікова, у доме з вышчарбленай чырвонае цэглы. Недзе напрыканцы 90-х яго знеслі, каб не засланяў моднае казіно…

У тым паўпадвале з аднаго пакойчыка і нечага падобнага на кухню жылі бабуля Гіта — матуля бацькі, ягоная сястра Эма і трое яе дзяцей: старэйшы Сёмік, Ліля і Мулік. Бабуля Гіта, памятаю, увесь час размаўляла на ідышы сама з сабой, а Мулік вучыўся граць на скрыпачцы, хаця рабіў гэта з адпаведнай узросту нянавісцю. Сёмік, а следам і Мулік, скончылі з залатым медалём школу, потым МГУ, сталі вядомымі фізікамі-ядзершчыкамі. Спачатку ў Ерэване і Новасібірску, потым – у Каліфорніі…

Да сяброўства і сваяцкай сувязі стала зусім далёка.

Я ўспомніў партрэт іх бацькі ў вайсковай форме на сырой, у разводах, сцяне.

Я мала што ведаў пра іхняга бацьку. Ведаў толькі, што імя яго Абрам, што прозвішча Хейфец і што ён загінуў на вайне.

Я паабяцаў Наташы што-небудзь пра яго даведацца. І пазваніў у Каліфорнію.

Сёмік, Сэм — яму ўжо дзявяты дзясятак — паведаміў, што іх бацька Абрам Гілялявіч Хейфец загінуў недалёка аж Мцэнска, ля вёскі з незвычайнай назвай — Первый Воин, там і пахаваны. У гэтай вёсцы яму пастаўлены помнік, а школа носіць яго імя…

Абрам Хейфец.

Абрам Хейфец.

Час ад часу інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць пра смерць апошняга жаўнера Першай сусветнай. Спачатку гэта быў француз, за ім – брытанец, потым аўстраліец…

Не ведаю, ці пачуем мы калі пра смерць апошняга жаўнера Вялікай Айчыннай, ці даведаемся яго імя – у былым Савецкім Саюзе лічыць жаўнераў да апошняга не ў звычаі.

Ад першага — таксама.

Але ж ён быў, Першы Воін, забіты на той вайне.

У кожнай сям’і – свой першы.

Мільёны, дзясяткі мільёнаў — першых.

…Абрам Хейфец загінуў 6 кастрычніка 1941 года. Якраз у гэты дзень я з’явіўся на боскі свет.

Такое вось гістарычнае супадзенне.

Зрэшты, я ўсяго толькі адказваў на пытанні незнаёмай Наташы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?