У дзень святкавання Сабора Беларускіх святых, які сёлета адзначаецца 21 чэрвеня, Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл узначаліў Боскую літургію ў Свята-Васкрасенскім саборы Брэста.
Богаслужэнне патрыяршым чынам пачалося ў 10.00. Да гэтага часу на тэрыторыі храма сабраліся шматлікія паломнікі, па дадзеных прадстаўнікоў Брэсцкай епархіі, не менш за 15 тыс. чалавек. Ніжні і верхні храмы змаглі змясціць каля 3 тыс. вернікаў. Для тых, хто не змог трапіць ўнутр сабора, арганізавана прамая трансляцыя па двух вялікіх маніторах.
Кіраўніку РПЦ дапамагаюць архірэі Беларускага экзархата, прадстаўнікі праваслаўных епархій з Расіі, Украіны, Польшчы, шматлікае духавенства.
Ад свецкіх уладаў у святочным богаслужэнні бяруць удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, дэпутаты парламента, прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, дыпламатычнага корпуса, іншыя афіцыйныя асобы.





