Тут і ніжэй выява: NASA/JPL/U. Virginia

Тут і ніжэй выява: NASA/JPL/U. Virginia

Група амерыканскіх навукоўцаў апублікавалі ў часопісе Nature дэтальны аналіз звестак з тэлескопу WISE пра так званае кальцо Фебы — структураванае скопішча часцінак вакол Сатурна на агромністай адлегласці ад яго.

«Звычайныя» кольцы Сатурна знаходзяцца на адлегласці да 480 тысяч км ад яго цэнтра (сам Сатурн мае радыус каля 60 тысяч км). Кальцо Фебы расцягнулася на адлегласці ад 6 да 16,2 мільёнаў кіламетраў ад Сатурна.

Новае даследаванне паказала, што кальцо часцінак на траціну большае, чым меркавалася раней. Адкрытае ў 2003 годзе, кальцо ўпершыню «замералі» ў 2010-м. Тады тэлескопам Spitzer часцінкі былі зафіксаваныя на адлегласцях у 128-207 радыусаў Сатурна. Апошняе даследаванне «пашырыла» кальцо да 100-270 радыусаў Сатурна.

Адна з версій узнікнення кальца — гэта пыл і аскепкі з Фебы, нерэгулярнага спадарожніка Сатурна, арбіта якога «ўпісваецца» ў кальцо. Спектральны аналіз паказаў падабенства хімічнага складу кальца да паверхні Фебы.

Кальцо нельга назваць шчыльным: на кубічны кіламетр прыходзіцца ўсяго сотня часцінак. Камп’ютарнае мадэляванне паказала, што ў асноўным яно складаецца з часцінак памерам 10-20 мікрон, але каля 10% плошчы кальца займаюць вялікія часцінкі з радыусам больш за 10 см.

Часцінкі, як паказаў аналіз, знаходзяцца на сваіх арбітах у кальцы Фебы вельмі доўга — мільёны, а то і мільярды год. Удакладненне іх узросту можа пацвердзіць ці абвергнуць сувязь кальца Фебы з Фебай.

Тым часам бліжнія кольцы Сатурна «абнаўляюцца» штогадзіну — глыбы льду памерам з дом у іх сутыкаюцца, разбіваюцца і фармуюцца зноў.

Падобна, што такое аддаленае кальцо можа мець і Юпітар, кажуць навукоўцы, але яно будзе менш яскравым і заўважным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?