Фота з сайта bbc.co.uk

Фота з сайта bbc.co.uk

Гвінейскія малпы навучыліся ўжываць алкаголь у дзікай прыродзе. Аб гэтым кажуць назіранні 1995-2012 года, вынікі якіх былі апублікаваныя ў часопісе Royal Society Open Science, распавядае BBC.

Крэпасць забрадзілага пальмавага соку, які малпы ўжываюць у адзіночку і кампаніямі, дасягае трох градусаў. Навукоўцы не раз назіралі ў малпаў прыкметы ап’янення.

Шымпанзэ навучыліся карыстацца тым, як людзі збіраюць у джунглях пальмавы сок. Малпы разжоўваюць лістоту і ёй, нібы губкай, збіраюць сок з ёмістасцей, развешаных людзьмі на кронах. Гэты сок нярэдка аказваецца забрадзілым і дзейнічае на малпаў амаль так, як дзейнічаў бы на людзей.

За прыматамі такія паводзіны заўважаліся і раней, але ўпершыню атрымалася вылічыць аб’ёмы спажывання алкаголю — некаторыя малпы выпівалі дозы, эквівалентныя поўнай бутэльцы віна. Адны пасля гэтага засыналі, іншыя наадварот станавіліся надта актыўнымі.

Магчыма, падобным чынам і людзі прыстасаваліся да спажывання алкаголю: прынамсі, людзі і афрыканскія малпы маюць аднолькавую генетычную мутацыю, адказную за засвойванне этанолу. Мяркуецца, што ў простым цукры забрадзілага соку малпы і продкі людзей адшукалі добрую крыніцу энергіі, што была «абароненая» раней атрутным для іх алкаголем.

Пакуль застаецца нявызначаным, як малпы, якія рэгулярна ўжываюць алкаголь, адчуваюць сябе на наступны дзень пасля «выпіўкі», а таксама ці б’юцца яны за доступ да алкаголю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?