На канферэнцыі для распрацоўшчыкаў WWDC 2015 у Сан-Францыска, ЗША, кампанія Apple прадставіла абноўленыя аперацыйныя сістэмы для камп’ютараў, смартфонаў, планшэтаў і разумных гадзіннікаў, а таксама новы музычны сэрвіс.

Страхі пра тое, што іконкі ў новых аперацыёнках стануць круглымі, як у гадзінніках Apple Watch, не спраўдзіліся: інтэрфейс застаўся iOS і OS X практычна тым жа.

iOS 9: кампактней, разумней, усё пра вас ведае

У новай аперацыёнцы для iPhone і iPad (падтрымліваюцца тыя ж, што і ў выпадку iOS 8) галасавы асістэнт Siri стане яшчэ больш разумнай і хуткай: яна зможа рэагаваць на складаныя сказы, блізкія да жывой мовы.

Тут і ніжэй кадры з відэатрансляцыі Apple

Тут і ніжэй кадры з відэатрансляцыі Apple

«Пакажы мне фота, што я зрабіў у мінулым годзе ў Вільні», «Нагадай мне заехаць у краму, калі буду на Каліноўскага» — пакажа і нагадае (падтрымкі беларускай мовы, вядома, няма).

У iOS 9 з’явіцца рэжым эканоміі батарэі, які, як кажа Apple, дадасць некалькі лішніх гадзін працы без падзарадкі. Як менавіта — невядома.

Сістэма вывучыць звычкі карыстальніка: калі вы любіце зранку слухаць музыку падчас прабежкі пяць раз на тыдзень, кнопка плэера з’явіцца ў патрэбны час на экране блакіроўкі. Пошук будзе прапаноўваць кантакты і праграмы ў залежнасці ад сітуацыі, а таксама навучыцца шукаць інфармацыю ў іншых праграмах — напрыклад, нататніку.

Нататнік, дарэчы, скамбінавалі з «малявалкай» і навучылі складаць спісы, у якіх пункты можна адзначаць птушачкамі. А мапы Apple адаптавалі для пешаходаў — цяпер маршруты можна будзе складаць з улікам метро і чыгункі. Праграма тэлефанаванняў прывучаная шукаць незнаёмыя нумары ў нататках і пошце карыстальніка. Таксама ў iOS 9 з’явіцца свой агрэгатар навін, аналаг Flipboard, але толькі для ЗША, Аўстраліі і Брытаніі (апошняй таксама дастанецца Apple Pay, раней эксклюзіўна амерыканскі).

Толькі для iPad (у поўнай меры толькі для самых апошніх) з’явіўся двухаконны рэжым накшталт тых, што ёсць у Windows 8 альбо на Android-планшэтах Samsung. Клавіятура на iPad дазволіць рухаць віртуальны курсор і займее кнопкі «Капіяваць», «Уставіць», «Выразаць», «Далучыць файл», «Далучыць фота».

Новая iOS выйдзе для карыстальнікаў увосені і зойме ўсяго 1,8 Гб замест 4,6 Гб. Папярэдняя версія для распрацоўшчыкаў даступная ўжо сёння.

Чытайце таксама: Новы Android M: пяць галоўных змен

OS X 10.11 El Capitan і watchOS 2: дробныя дапрацоўкі

Аперацыйная сістэма для настольных камп’ютараў і ноўтбукаў Apple набыла шэраг дробных змен. Бясплатнае абнаўленне карыстальнікі атрымаюць увосень (бэта-версія даступная ўжо сёння). Праграмы ў ёй, як кажа Apple, будуць запускацца на 40% хутчэй, а батарэя будзе сядаць павольней.

Пошук Spotlight зможа зразумець складаныя фразы кшталту «лісты ад Пятра, што я яшчэ не чытаў». Браўзер Safari навучыцца замацоўваць укладкі ды паказваць, якія ўкладкі граюць гук (проста як Chrome).

Новы рэжым раздзялення экрану для дзвюх праграм «прымагніціць» вокны да краёў экрану. Каб не губляць курсор на вялікім экране, яго можна будзе «патрэсці» — стрэлачка вырасце ў памерах, каб стаць больш заўважнай.

У OS X дадалі падтрымку API Metal, што дазволіць распрацоўваць значна больш складаныя гульні — цяпер яны будуць працаваць да 10 раз хутчэй. Праўда, на прэзентацыі дэманстравалася гульня з даволі простай графікай, ды і гульняў для OS X сёння зусім няшмат.

Аперацыёнка для разумных гадзіннікаў Apple Watch, што таксама выйдзе ўвосень, абзавядзецца інтэрфейсам гадзінніка з фота на фоне, а пры жаданні напамінамі пра бліжэйшыя падзеі ці фазы Месяца. З’явяцца будзільнік (!) і начны рэжым (пастаянна ўключаны экран пры зарадцы).

Чытайце таксама: Microsoft прэзентавала новыя магчымасці Windows 10, замену Internet Explorer і галаграфічныя акуляры

Apple Music: радыё-сацсетка для сябе і канкурэнтаў

Новы музычны сэрвіс Apple (не бойцеся, iTunes нікуды не знікне) прапануе карыстальнікам музыку ў залежнасці ад іх густаў па сістэме кшталту Last.fm. Музыкі змогуць дзяліцца сваёй музыкай, кліпамі і фота з карыстальнікамі, як дзеляцца ў сацсетках, а карыстальнікі змогуць гэта лайкаць і каментаваць. Siri будзе ўмець узаемадзейнічаць з Apple Music.

Разам з тым Apple запусціць уласную англамоўную радыёстанцыю Beats One, што будзе весці кругласуткавае вяшчанне з Нью-Ёрка, Лос-Анжэлеса і Лондана. Яна будзе дасяжная ў сотні краін, але ці ёсць у той сотні Беларусь, невядома.

Музычны сэрвіс стане даступным 30 чэрвеня за 10 даляраў на месяц альбо за 15 для сям’і з шасці чалавек, першыя тры месяцы бясплатна. Што цікава, Apple «падзеліцца» сэрвісам з платформамі канкурэнтаў: Apple Music выйдзе ў тым ліку для Windows і Android.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?