Гарачае надвор'е вернецца ў Беларусь у другой палове тыдня, паведаміў начальнік службы Белгідрамета Дзмітрый Рабаў. 

У пачатку тыдня чакаецца ўмерана цёплае, свежае надвор'е, якое будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў свежым балтыйскім паветры, адзначыў сіноптык. 

У аўторак пераважна без ападкаў, толькі па поўдні краіны адаб'ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, у асобных раёнах чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу плюс 5—11°С, у паўднёвых раёнах плюс 12—15°С; днём плюс 18—23°С, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях да плюс 25°С. 

У сераду пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ноччу ад плюс 5°С па поўначы да плюс 13°С па поўдні рэспублікі, днём плюс 16—22°С, па поўдні плюс 23—24°С. 

«З чацвярга надвор'е зноў пачне мяняцца, паўночныя вятры памяняюцца на паўднёвыя.

Пачынаючы з паўднёвага захаду краіны будуць паступаць цяплейшыя паветраныя масы. Слупкі тэрмометраў ізноў вырастуць», — адзначыў Рабаў. 

У чацвер без ападкаў. Тэмпература паветра ноччу плюс 3—10°С, днём ад плюс 19°С па паўночным усходзе да плюс 27°С па паўднёвым захадзе краіны. 

У пятніцу ў асобных раёнах, галоўным чынам па паўднёвым захадзе краіны, кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 5—12°С, па паўднёвым захадзе да плюс 14°С; днём плюс 23—29°С. 

У выхадныя дні ў большасці раёнаў усталюецца гарачае надвор'е. У суботу месцамі, пераважна па паўночным захадзе краіны, кароткачасовыя дажджы, навальніцы.

Тэмпература паветра ноччу плюс 10—17°С, днём плюс 25—32°С. 

У нядзелю праз Беларусь пройдзе малаактыўны атмасферны фронт, месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 13—20°С, днём плюс 25—32°С, па паўночным захадзе плюс 21—24°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?