Ктулху прабудзіўся. Выява з сайта flametreepublishing.com

Ктулху прабудзіўся. Выява з сайта flametreepublishing.com

Матэматыкі адшукалі ў навуковых часопісах групу публікацый, што дзясяткамі год не цікавяць навукоўцаў, а потым раптоўна захапляюць розумы навукоўцаў, піша РІА Новості са спасылкай на публікацыю ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.

Рэвалюцыйныя даследаванні ў галіне фізікі, хіміі ці матэматыкі могуць быць заўважаныя толькі праз 20, 50, нават 100 год пасля сваёй публікацыі ў нават найбольш прэстыжных часопісах кшталту Science, Nature ці PNAS.

Групу такіх публікацый матэматыкі назвалі ў гонар Ктулху — бога з Міфаў Ктулху пісьменніка Говарда Лаўкрафта, які спіць на дне акіяну, але здольны ўплываць на сны асабліва чуйных людзей і нават зводзіць іх з глузду.

Выдатны прыклад «артыкула-ктулху» — артыкул Альберта Эйнштэйна, Барыса Падольскага і Натана Розэна пра непаўнату квантавай тэорыі 1935 года. Хаця ў тым жа годзе ў New York Times выйшаў папулярны артыкул пад загалоўкам «Эйнштэйн атакуе квантавую тэорыю», навукоўцы звярнулі ўвагу на згаданы ў артыкуле парадокс (цяпер вядомы як парадокс ЭПР) толькі ў 1994 годзе.

Рэкордна «ктулхавы» артыкул — публікацыя матэматыка Карла Пірсана пра ператварэнне набору эмпірычных звестак у лінію трэнду, што была надрукаваная ў 1901 годзе, але заўважаная толькі ў 2002-м, праз 101 год.

Навукоўцы не могуць сказаць, як артыкулы ператвараюцца ў «ктулху» і пры якіх умовах «прабуджаюцца». Хаця яны прааналізавалі 22 млн навуковых работ за апошняе стагоддзе, аўтары даследавання кажуць аб неабходнасці аналізу яшчэ большай колькасці публікацый, каб навучыцца прадказваць ператварэнне патэнцыйна рэвалюцыйнага артыкула ў «ктулху».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?