Скрыншот класічнай «стралялкі» Doom 2. Выява: pixelatedgeek.com

Скрыншот класічнай «стралялкі» Doom 2. Выява: pixelatedgeek.com

Канадскія нейрабіёлагі праверылі, як арыентуюцца ў віртуальнай прасторы паўсотні геймераў, і распавялі аб выніках у часопісе Proceedings of the Royal Society B.

Усе геймеры, як паказаў эксперымент, маюць лепшую канцэнтрацыю зрокавай увагі за звычайных людзей. Але фанаты «стралялак» (шутэраў ад першай асобы) асэнсоўвалі лабірынт не так, як іншыя людзі.

Для даследавання навукоўцы абралі 26 аматараў «стралялак» і 33 геймераў, якіх цікавяць іншыя жанры. Ім прапанавалі прайсці віртуальныя лабірынты памерам 4 на 8 клетак. Падчас гэтага навукоўцы здымалі энцэфалаграмы і сачылі за тым, якая частка мозгу актыўная ў момант выбару павароту.

Звычайныя людзі, як і аматары разнастайных гульняў, складаюць так званую кагнітыўную карту лабірынта — уяўляюць сабе малюнак цэлага лабірынта і арыентуюцца на прыкладны напрамак. За такую актыўнасць адказвае гіпакамп — частка мозгу, адказная за фармаванне эмоцый і пераход кароткачасовай памяці ў доўгачасовую.

Аматары «стралялак» паводзяць сябе ў лабірынце інакш: яны запамінаюць паслядоўнасць паваротаў («налева-налева-наперад-направа…»). За гэта адказваюць нейроны ў хвастатым ядры мозгу. Вядома, гэта не адзіная магчымая стратэгія, але яе аматары стралялак прытрымліваюцца значна часцей за звычайных людзей — у 80,76% выпадкаў супраць 42,42%. Такой самай стратэгіі ў лабірынтах прытрымліваюцца лабараторныя мышы.

Выкарыстанне стратэгіі з запамінаннем паваротаў звязваюць са змяншэннем шэрага рэчыва ў гіпакампе, што можа прывесці да развіцця неўралагічных і псіхічных захворванняў. Але прамая ці адваротная сувязь між колькасцю шэрага рэчыва ў гіпакампе і любоўю да стралялак на сёння не даказаная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?