Яшчэ больш кантрастнай, чым у папярэднія двое сутак, аказалася надвор'е ў Беларусі днём 22 мая. У Мінску максімальная тэмпература паветра склала плюс 10 градусаў пры прагнозе 13—15. У параўнанні з папярэднім днём было халадней на 14,3 градуса.

Як сведчыць праведзены аналіз карт рэсурсу meteoinfo.by, мінулая пятніца аказалася ў сталіцы самым халодным днём месяца. Дагэтуль першынство належала 18 мая (+10,7). У першую пяцёрку ўваходзяць таксама 3 мая (+11,5), 16 мая (+12,0) і 7 мая (+12,1).

Мінск таксама аказаўся самым халодным месцам у краіне. Між тым на паўднёвым усходзе, куды не дайшоў атмасферны фронт, было горача. Максімальная тэмпература зафіксавана ў Васілевічах (Гомельская вобласць) — 29,9 градуса цяпла.

Вялікія тэмпературныя кантрасты адзначаны ў размешчаных непадалёк адзін ад аднаго населеных пунктах, якія аказаліся ў розных паветраных масах.

Напрыклад, калі ў Бабруйску было не вышэй за +18,8 градуса, то ў Жлобіне, які знаходзіцца ўсяго за 66 кіламетраў, было +28,9.

20 мая роскід максімальных дзённых тэмператур склаў ад 14,1 градуса ў Верхнядзвінску (Віцебская вобласць) да 29,8 у Пінску (Брэсцкая вобласць), 21 мая — ад 12,5 градуса ў Гродне да 29,7 у Касцюковічах (Магілёўская вобласць) (у гэтым райцэнтры на 0,4 градуса быў перавышаны абсалютны рэкорд дня).

Самым цёплым днём сёлетняга мая і вясны ў Мінску застаецца 20 мая (+26,3). Абсалютны максімум мая і вясны — 30,9 градуса цяпла (27 мая 2003 года).

23 мая ў сталіцы ад 17 да 19 градусаў вышэй за нуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?