Упершыню сёлета ў еўрапейскім конкурсе бярэ ўдзел Аўстралія

Упершыню сёлета ў еўрапейскім конкурсе бярэ ўдзел Аўстралія

У свеце не так шмат забаўляльных тэлешоу, якія б не сыходзілі з экранаў цягам шасці дзесяцігоддзяў і працягвалі прыцягваць гіганцкую аўдыторыю. Сёлета конкурс песні «Еўрабачанне» адзначае свой юбілей. Фінал пройдзе сёння ў сталіцы Аўстрыі Вене (22:00).

Прыхільнікі «Еўрабачання» глядзяць шоу не толькі дзеля песень, але шмат у чым — з-за спадарожнай вельмі напружанай працэдуры галасавання, дзе ў гульню ўступае палітыка нацыянальнай ідэнтычнасці.

Кожны год тэлешоу дае выдатную магчымасць паглядзець на нацыянальныя настроі думак у Еўропе.

Конкурсу ўжо 60 гадоў, і пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што яго папулярнасць ідзе на спад. Магчыма, таму, што гэта мерапрыемства — нешта значна большае, чым проста змаганне поп-спевакоў.

Услед за выкананнем кампазіцый пачынаецца другая частка шоу, падчас якой напружанне няўхільна нарастае па меры таго, як краіны абвяшчаюць, каму дастаюцца іх галасы. Музыка спыняецца, і пачынаецца палітыка.

Гледачы ў краінах-удзельніцах не могуць галасаваць за прадстаўніка сваёй краіны, аднак нічога не перашкаджае ім аддаць голас па прыкмеце культурнага і палітычнага сваяцтва або, калі ўжо на тое пайшло, варожасці.

Абменьваюцца 12 баламі Грэцыя і Кіпр, Швецыя і Нарвегія, або турэцкая дыяспара Германіі галасуе за Турцыю. Або Беларусь, як правіла, высока ацэньвае Расію.

Але нічога такога няма, калі справа даходзіць да Азербайджана і Арменіі — дзвюх суседніх краін, чые адносіны азмрочаныя глыбокай узаемнай варожасцю.

У 2009 годзе азербайджанцаў, якія адважыліся прагаласаваць за дуэт двух сясцёр з Арменіі, выклікалі на допыт у паліцыю. Улады Азербайджана высветлілі імёны ўсіх 43 жыхароў краіны, якія адправілі смскі ў падтрымку армянскай песні.

Адзін з гледачоў «Еўрабачання» з Азербайджана распавёў Бі-бі-сі, што ён быў абвінавачаны ў адсутнасці патрыятызму і патэнцыйнай пагрозе для бяспекі краіны пасля таго, як ён прагаласаваў за армянскіх артыстаў.

«Мне сказалі, што ў мяне няма нацыянальнага духу, —растлумачыў суразмоўца Бі-бі-сі. — Сказалі, што сёння ты галасуеш за Арменію, а заўтра ўзарвеш метро. Што я прадаў радзіму і гэтак далей. Узялі тлумачальную».

У выніку скандалу арганізатары конкурсу былі вымушаныя перагледзець яго правілы. Пры гэтым у падтрымку азербайджанскай песні з Арменіі паступіла 1065 галасоў, якія прынеслі ёй адно ачко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?